https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Мядзведзеў: У ЕАЭС ніхто нікога сілком не трымае


Нафтагазавая спрэчка паміж Масквой і Мінскам.
Пра неўрэгуляванасць з расійскім бокам праблем у нафтагазавай сферы, незахаванне двухбаковых і шматбаковых дамоўленасцяў па ўмовах паставак энерганосьбітаў і бяздзейнасць на гэтым фоне Еўразійскай эканамічнай камісіі заявіў прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 7 сакавіка ў Бішкеку на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета.

"Мы вымушаны канстатаваць, што сёння не выконваецца двухбаковая нарматыўна-прававая база (у адносінах з Расіяй.), якая была створаная не ў адрыве, а як раз у цеснай узаемасувязі са шматбаковымі дамоўленасцямі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Прычым праблемы ў двухбаковых адносінах фундаментальна ўплываюць на наш удзел у шматбаковых інтэграцыйных працэсах. Мы не падзяляем гэтыя два трэкі — двухбаковы і шматбаковы, таму што праблемы ў двухбаковых адносінах скажона ўплываюць на еўразійскую інтэграцыю", — цытуе Кабякова дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

"Беларусь пры падпісанні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў маі 2014 года звяртала ўвагу ў сваёй заяве, што будзе добрасумленна выконваць свае абавязацельствы ў межах дагавора пры ўмове, што на двухбаковай і трохбаковай аснове будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасці аб зняцці бар`ераў, абмежаванняў і выключэнняў ў гандлі асобнымі відамі тавараў і аказанні асобных відаў паслуг, у першую чаргу ў дачыненні да энерганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасцяў і іншых адчувальных пазіцый", — дадаў прэм`ер.

Кабякоў раскрытыкаваў ход рэалізацыі інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС. "Мы паставілі задачу рэалізаваць фундаментальнасць свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, якія з`яўляюцца базісам нашага эканамічнага саюза. Вымушаныя канстатаваць, што ствараюцца ўсе новыя перашкоды і бар`еры. Добра, хай будзе пакуль розніца ў цэнах на газ. Мы дамовіліся пры падпісанні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, што яна будзе паступова ліквідаваная да 2025 года. Але чаму гэтая розніца так рэзка расце — ні на 1%, ні на 5% і нават ні на 10%? А розніца ў цэнах паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй вырасла з 38% у пачатку 2014-га да 110% ў 2016 годзе. Чаму пасля стварэння ЕАЭС замест паступовага скарачэння розніца стала амаль у тры разы вышэйшая? Якая свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы тут можа быць?" — заявіў кіраўнік урада.

Пры гэтым, падкрэсліў прэм`ер-міністр, "расійскія партнёры выдатна дасведчаныя, што 96% электраэнергіі ў Беларусі выпрацоўваецца з расійскага прыроднага газу". "Як у такой сітуацыі можна канкураваць на агульным рынку? Беларусь згодная рухацца наперад, але мы супраць таго, каб рабіць выгляд, што мы рухаемся наперад", — сказаў на заканчэнне ён.

У адказ прэм`ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што расійскі бок разглядае ўвязку шматбаковай інтэграцыі з двухбаковымі праблемамі як шантаж.

"Пачасціліся выпадкі, калі праблемы двухбаковых адносін, а такія праблемы былі, ёсць і будуць, нічога ў іх драматычнага няма з улікам інтэнсіўнасці супрацоўніцтва, пераносяцца на нашу шматбаковую пляцоўку саюза. Выкананне дасягнутых намі дамоўленасцяў і сам інтэграцыйны працэс у цэлым становяцца закладнікамі спецыфічна зразуметых нацыянальных інтарэсаў. Па сутнасці, у дачыненні да іншых членаў саюза, якія не задзейнічаныя ў спрэчцы, узнікае зусім недапушчальная сітуацыя, гэтая сітуацыя падобная на шантаж: або вы паўплываеце на рашэнне іншага боку ў спрэчцы, або мы нічога не падпішам", — цытуе Мядзведзева ТАСС.

Расійскі прэм`ер лічыць, што ніводзін удзельнік Еўразійскага эканамічнага саюза не павінен дазваляць "разменаў за агульны кошт". Мядзведзеў падкрэсліў, што такія ўчынкі з`яўляюцца злоўжываннем правам саюза і яны непрымальныя. "Інтэграцыя мае наднацыянальную прыроду і павінна заставацца над нацыянальным або двухбаковым парадкам дня. Тут мы разглядаем пытанні, якія тычацца абсалютна ўсіх, а не толькі двух бакоў. І ніводзін з бакоў не павінен у цэлым або ва ўсякім выпадку павінен імкнуцца да гэтага", — сказаў ён.

Пры гэтым Мядзведзеў заявіў, што калі б некаторыя краіны — удзельніцы ЕАЭС у свой час не далучыліся да яго, то атрымлівалі б цяпер газ па еўрапейскіх цэнах — прыблізна 200 долараў за тысячу кубаметраў. "Вось і ўсё. І не трэба нічога даказваць, практыкавацца ў падліках. Усё было б істотна, значна даражэйшым", — дадаў кіраўнік урада РФ.

Мядзведзеў заклікаў калег памятаць пра гэта пры прыняцці рашэнняў, якія блакуюць ці тармозяць інтэграцыю. "Тут ніхто нікога сілком не трымае, мы добраахвотна ўсё гэта стварылі", — падкрэсліў расійскі прэм`ер.

Перамовы паміж Масквой і Мінскам аб умовах урэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжацца прыкладна год. Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расійскага газу ў доларавым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым не згодны расійскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб`ёме кошту газу, расійскі ўрад прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў краіну. Згодна з дзейнымі пагадненнямі Расія павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты, аднак паводле вынікаў года імпарт нафты скараціўся на 20,8%. 3 сакавіка стала вядома, што "Газпром" павысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% да 141,1 долара за тысячу кубаметраў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 7 сакавіка 2017
 
Дата публикации:07.03.2017
Тематика:ЕАЭС, Экономика
Просмотров:914
 
Ключевые слова:
Ценообразование Интеграция Нефтегазовый спор Беларусь-Россия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме