https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Куды рушыць Аргенціна пасля выбараў?


Па выніках усеагульных выбараў у Аргенціне былі абраны прэзідэнт, віцэ-прэзідэнт, члены нацыянальнага кангрэса, а таксама губернатары большасці правінцый. Новым кіраўніком другой па велічыні эканомікі краіны Паўднёвай Амерыкі быў абраны Хаўер Мілей. У другім туры выбараў несістэмны ўльтраправы палітык перамог дзейнага міністра эканомікі Серхіа Масу (55,7 працэнта галасоў супраць 44,3). Апошні яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў павіншаваў суперніка з перамогай. Дзейны прэзідэнт Аргенціны Альберта Фернандэс заявіў, што адразу гатовы пачаць работу па перадачы ўлады абранаму кіраўніку дзяржавы Хаўеру Мілею. Яго інаўгурацыя павінна адбыцца 10 снежня. Падчас выбарчай кампаніі Мілей абяцаў радыкальна змяніць як унутраную палітыку краіны, так і яе знешнепалітычны курс. Куды ж рушыць Аргенціна з новым прэзідэнтам?

Кандыдат з бензапілой

53-гадовы Хаўер Херарда Мілей атрымаў вядомасць у Аргенціне як вучоны-эканаміст, аўтар і вядучы шэрагу праграм на радыё і тэлебачанні. У 1993-м ён скончыў Універсітэт Бельграна, атрымаў ступень бакалаўра эканомікі і працягнуў навучанне ў Інстытуце эканамічнага і сацыяльнага развіцця, а таксама ва Універсітэце Таркуата-дзі-Тэла. У юнацтве ён спяваў у рок-гурце і быў варатаром футбольнай каманды.

Аб асабістым жыцці палітыка вядома мала. Ён не жанаты. У мінулым сустракаўся са спявачкай Даніэлай Моры, а цяпер, згодна з паведамленнямі сацсетак, знаходзіцца ў рамантычных адносінах з актрысай Фацімай Флорэс. Самым блізкім чалавекам ён лічыць сваю малодшую сястру Карыну. У Мілея пяць сабак пароды англійскі мастыф, якіх ён называе сваімі чацвераногімі дзецьмі. Усе пяць сабак — клоны яго сабакі Конана, якога не стала ў 2017-м.

Мілей больш за 20 гадоў выкладаў розныя эканамічныя дысцыпліны ў ВНУ Аргенціны і іншых краін. Ён удзельнічаў у канферэнцыях, пісаў навуковыя працы, выдаваў кнігі. Працаваў эканамістам у розных структурах, у прыватнасці ў аргенцінскім аддзяленні найбуйнейшай банкаўскай карпарацыі лонданскага Сіці HSBC і ў буйным пенсіённым фондзе Maxіma. З 2012-га Мілей узначальваў аддзел эканамічных даследаванняў у нацыянальным аналітычным цэнтры Fundacіon Acordar. Ён уваходзіў у групу эканамічнай палітыкі Міжнароднай гандлёвай палаты (саветнік G20) і Сусветнага эканамічнага форума. Мілей называе сябе прыхільнікам аўстрыйскай эканамічнай школы і лібертарыянцаў. Гэтая плынь, заснаваная ў Аўстрыі Карлам Менгерам у канцы XІX стагоддзя, вызнае прынцып мінімальнага ўмяшання дзяржавы ў жыццё краіны.

У палітыку Мілей прыйшоў у 2019-м, далучыўшыся да Лібертарыянскай партыі, якая ўвайшла ў склад апазіцыйнай кааліцыі «Свабода надыходзіць». У 2021-м Мілей быў абраны дэпутатам нацыянальнага кангрэса. Падчас перадвыбарнай кампаніі Мілей рабіў асноўны акцэнт на крытыцы палітычнага істэблішменту. Ён выступае за скасаванне Цэнтральнага банка і шэрагу міністэрстваў, у тым ліку міністэрстваў працы і адукацыі, а нацыянальную валюту песа прапануе замяніць доларам ЗША. Для вырашэння эканамічных праблем Мілей мае намер сур’ёзна ўрэзаць бюджэтныя расходы, абяцаючы не скарачаць пры гэтым сацыяльную падтрымку насельніцтва. Акрамя таго, ён плануе прыватызацыю дзяржкампаній, у тым ліку ў сферы адукацыі і аховы здароўя. Мілей прапануе доўгатэрміновую эканамічную праграму адраджэння Аргенціны. Паводле яго слоў, ён разлічвае на 35–50 гадоў рэформаў.

Многія аргенцінцы лічаць Мілея папулістам і шоўменам — на перадвыбарныя мітынгі ён часта выходзіў з бензапілой у руках, якая з’яўлялася сімвалам яго барацьбы з «палітычнай кастай», што склалася за апошнія гады ў Аргенціне. 

У якасці перадвыбарчага сцяга ён абраў жоўтае палатно з выявай грымучай змяі, якая скруцілася ў клубок, і лозунгам «Не наступай на мяне». За свае эпатажныя выступленні і часта вельмі экстравагантныя меркаванні Мілей атрымаў у Аргенціне мянушку «міні-Трамп».

Спадзяванні на цуд

Некаторыя погляды і выказванні Мілея выклікалі бурныя дыскусіі ў сацсетках і крытыку з боку шматлікіх аргенцінцаў. Ён выступае супраць абортаў, за свабоднае нашэнне зброі, легалізацыю наркотыкаў і законны продаж чалавечых органаў. Аднойчы ён раскрытыкаваў Папу Рымскага Францыска (які з’яўляецца аргенцінцам і вельмі шануецца ў краіне), назваўшы яго прадстаўніком усяго самага шкоднага на планеце.

Мілей неаднаразова заяўляў, што не мае намеру садзейнічаць развіццю міждзяржаўных адносін з Кітаем, Бразіліяй і Расіяй з-за нязгоды з палітыкай гэтых дзяржаў. Пры гэтым ён сцвярджаў, што не будзе перашкаджаць прыватнаму бізнесу весці справы з гэтымі краінамі. Ён лічыць прыярытэтнымі саюзнікамі Аргенціны ЗША і Ізраіль, а таксама мае намер адазваць ужо адобраную заяўку на ўступленне Аргенціны ў БРІКС.

Аб намеры краіны адмовіцца ад членства ў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі заявіла напярэдадні эканамічны саветнік Мілея і кандыдат на пасаду міністра замежных спраў Дзіяна Мандзіна. Яна дадала, што новае кіраўніцтва краіны не мае нічога за ці супраць БРІКС. «Мы не разумеем, у чым выгада Аргенціны ў дадзены момант. Калі потым акажацца, што выгада ёсць, мы прааналізуем гэта», — сказала яна РІА «Новости». Як вядома, на саміце БРІКС у Ёханесбургу ў жніўні было абвешчана рашэнне запрасіць Аргенціну, Егіпет, Іран, Эфіопію, ААЭ і Саудаўскую Аравію стаць паўнапраўнымі сябрамі арганізацыі з 1 студзеня 2024-га.

У Крамлі звярнулі ўвагу на шэраг перадвыбарных заяў новага аргенцінскага лідара, але будуць «арыентавацца і меркаваць па тых заявах, якія ён будзе рабіць пасля інаўгурацыі», адзначыў прэс-сакратар Прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Як адзначыў дэкан факультэта эканамічных і сацыяльных навук Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце РФ Аляксандр Чычын, Мілею ўдалося перамагчы ў прэзідэнцкай гонцы дзякуючы папулісцкай рыторыцы і стаўцы на маладых выбаршчыкаў. «Нявопытнаму ў палітыцы Мілею ўдалося заваяваць сімпатыі такой жа палітычна нявопытнай моладзі дзякуючы эксцэнтрычным выступленням і папулізму. Новы прэзідэнт ахарактарызаваў сітуацыю ў краіне як самы цяжкі крызіс у гісторыі Аргенціны. Папярэдні ўрад не здолеў яго ўтаймаваць, а таму людзі вырашылі абраць Мілея як найменшую з бед. Сваю палітыку абраны прэзідэнт азначыў шырокімі мазкамі, пры гэтым адно яго сцвярджэнне супярэчыць другому. Самі аргенцінцы, верагодна, спадзяюцца на цуд», — адзначыў аналітык. Ён мяркуе, што тактыку для сваёй перадвыбарнай кампаніі новы аргенцінскі прэзідэнт запазычыў у экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. «У эпатажнасці Мілея ёсць доля гульні. Ён і павінен быў так яскрава сябе праявіць, таму што быў невядомым палітыкам. У інфаполі Мілей з’явіўся ўсяго некалькі гадоў таму дзякуючы супрацоўніцтву са СМІ і напісанню несур’ёзных навуковых прац з вялікай колькасцю запазычанняў і плагіяту. Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, ён вырашыў выкарыстоўваць методыку Трампа, адаптаваўшы яе пад лацінаамерыканскі электарат», — лічыць эксперт.

«Шокавая» тэрапія

Прафесар кафедры міжнародных адносін і знешняй палітыкі Расіі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін Барыс Мартынаў у гутарцы з RT выказаў меркаванне, што яшчэ адным фактарам, які сыграў на руку Мілею, стаў адрозны ад пераністаў падыход да вырашэння праблем у эканоміцы. «Аргенціна напрыканцы XІX стагоддзя лічылася развітой краінай з адным з найбольш высокіх узроўняў жыцця ва ўсім Заходнім паўшар’і. Аднак цудоўнае геаграфічнае становішча і ўрадлівыя землі сыгралі з аргенцінцамі злы жарт. Разлічваючы выключна на рэсурсы, краіна прыйшла да застою. З устанаўленнем улады пераністаў Аргенціна паступова „скацілася“ да ўзроўню краін трэцяга свету. Усё дзякуючы нявывераным сацыяльным праграмам, якія наносілі сур’ёзную шкоду эканоміцы і стымулявалі „паразітызм“ у грамадстве — народ чакаў падачак ад дзяржавы», — заявіў Барыс Мартынаў.

Дарэчы, у гісторыі Аргенціны ўжо быў прэзідэнт з такімі ж, як у Мілея, ідэямі. «Карлас Менем правёў татальную прыватызацыю, увёў абмежаванні на функцыі ЦБ, прывязаў нацыянальную валюту да долара, а таксама скараціў сотні тысяч дзяржслужачых. У доўгатэрміновай перспектыве гэтыя меры заканамерна прывялі да масавага беспрацоўя. Акрамя таго, значна вырас знешні доўг, даходы ад прыватызацыі скончыліся, стала не хапаць сродкаў на штучную падтрымку парытэту песа і долара. Усё гэта прывяло да глыбокай рэцэсіі, — нагадаў Аляксандр Чычын. — Цяпер Мілей кажа, што паспрабуе пазбегнуць памылак Менема, толькі незразумела, якім чынам».

Па словах Барыса Мартынава, абяцанні пераарыентаваць знешнюю эканоміку на Захад таксама не прынясуць жаданага эфекту. «Кітай і Бразілія — гэта найбуйнейшыя гандлёвыя партнёры Аргенціны. Скарачэнне сувязі з імі толькі з-за непрыязнасці Мілея да камуністаў пацягне за сабой катастрафічныя наступствы для эканомікі», — заявіў аналітык. Тым не менш, як мяркуе Аляксандр Чычын, «гучныя і паспешлівыя» заявы Мілея на мітынгах яшчэ не азначаюць, што ён рэалізуе іх на практыцы. Напрыклад, працягвае суразмоўца RT, Мілей сам яшчэ не да канца вырашыў, хоча ён уступлення Аргенціны ў БРІКС ці не. «Мілей павінен бачыць, якія эканамічныя плюсы дае гэта арганізацыя. Пасля выбрання ён павінен будзе дзейнічаць асэнсавана. Цяперашняя палітычная сітуацыя гэтаму садзейнічае. Калі Мілей хоча ўтрымацца ва ўладзе, нельга сыходзіць з эканамічных саюзаў, — лічыць аналітык. — Сябраваць з ЗША ён будзе толькі ў выпадку перамогі Трампа, так што тут таксама яшчэ не ўсё вырашана. Выразных заяў наконт стасункаў з Расіяй палітык таксама не рабіў. Увогуле, Мілей пакуль не вызначыўся да канца з бокам, за які будзе гуляць».

Тым часам стала вядома, што Аргенціна не збіраецца разрываць адносіны з Кітаем, Бразіліяй і Расіяй. Аб гэтым будучы кіраўнік аргенцінскага МЗС Дыяна Мандзіна заявіла ў інтэрв’ю тэлеканалу TN: «Кажуць, што мы разарвем адносіны з Бразіліяй і Кітаем. Гэта рэчы, якія не маюць сэнсу і логікі. Няма ні разрыву, ні змены адносін». Журналіст тэлеканала спытаў у Хаўера Мілея, ці мае ён намер «памірыцца з Кітаем і Расіяй». «А калі я з імі сварыўся?» — адказаў Мілей.

Новы аргенцінскі лідар пацвердзіў, што налета краіна пяройдзе да «шокавай» фіскальнай тэрапіі. Ён заявіў аргенцінцам, што «грошай няма», таму дзяржаўныя выдаткі рэзка скароцяць. Тое, як менавіта ён збалансуе бюджэт, якія прыменіць механізмы і іншае, палітык не растлумачыў. Новы прэзідэнт Аргенціны толькі пацвердзіў наяўнасць пакуль неназванай каманды эканамістаў, якія зоймуцца балансам кароткатэрміновага доўгу Цэнтрабанка. Найбольш верагоднымі, па меркаванні экспертаў, могуць стаць масавы распродаж дзяржуласнасці, у тым ліку сельскагаспадарчых зямель, скупка іх транснацыянальнымі кампаніямі накшталт амерыканскай Monsanto і чарговы дэфолт па дзяржаблігацыях.

Даслоўна

«Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці канструктыўнага дыялогу з аргенцінай»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Хаўера Мілея з выбраннем на пасаду прэзідэнта Аргенціны. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці канструктыўнага дыялогу з Аргенцінай, устанаўленні змястоўных адносін у гандлёва-эканамічнай і іншых сферах на карысць нашых краін. Спадзяюся, што пры вашай падтрымцы беларуска-аргенцінскае супрацоўніцтва будзе паслядоўна ўмацоўвацца па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць інтарэс для абодвух бакоў», — адзначаецца ў віншаванні.

Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 26 лістапада 2023

Кoличество переходов на страницу: 54