Белорусский портал в Казахстане

Мінэканомікі Беларусі распрацоўвае стратэгію развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва



Аб гэтым заявіла намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч, выступаючы на XVI Асамблеі дзелавых колаў Беларусі "Структурная мадэрнізацыя бізнесу і ўлады".

"Мінэканомікі пачало распрацоўку стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэта сярэднетэрміновая праграма, якая распрацоўваецца з падтрымкай Сусветнага банка, яна возьме лепшы сусветны вопыт, які сёння ёсць", - адзначыла Ірына Касцевіч. Паводле яе слоў, дакумент стане паслядоўным этапам лібералізацыі эканамічных працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

Ірына Касцевіч канстатавала, што стратэгія стане дарожнай картай праграмы развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2018 года. "У праграме мы замацуем канкрэтныя мерапрыемствы па ўдзеле прадпрымальніцтва, бізнесу ў рэгіянальных, галіновых праграмах эканамічнага развіцця", - удакладніла яна.

Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліла, што прадпрымальнікі запрашаюцца да абмеркавання ўсіх праектаў дакументаў як кароткатэрміновага, так і сярэднетэрміновага і доўгатэрміновага планавання. "У бліжэйшы час яны будуць размешчаны на сайце Мінэканомікі. Мы заклікаем уважліва вывучыць гэтыя дакументы і ўносіць прапановы, якія мы не пакінем без увагі", - дадала Ірына Касцевіч.

XVI Асамблея дзелавых колаў Беларусі праходзіць 4 сакавіка ў Мінску. У мерапрыемстве прымаюць удзел амаль 300 прадпрымальнікаў. Таксама запрошаны прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Нацыянальнага банка, парламентарыі, члены грамадска-кансультатыўных, экспертных і міжведамасных саветаў пры органах улады і кіравання.

4 сакавіка 2015, Мінск
Юлія Дылянок - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/1/29924
Текущая дата: 08.05.2024