Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі недаступны шэраг рэсурсаў байнэту ў сувязі з DDoS-атакай на "Белтэлекам"



У Беларусі днём 19 снежня ў сувязі з DDoS-атакай на абсталяванне нацыянальнага інтэрнэт-правайдара РУП "Белтэлекам" адзначаюцца цяжкасці з доступам да шэрагу рэсурсаў байнэту.

"У сувязі з DDoS-атакай на абсталяванне цэнтра апрацоўкі звестак РУП "Белтэлекам" магчымыя цяжкасці з доступам да шэрагу інфармацыйных рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт. Спецыялісты прымаюць усе магчымыя меры па лакалізацыі ўзніклых праблем", — паведамляе нацыянальны аператар сувязі. 

DDoS — атака на вылічальную сістэму (звычайна ўчыненая хакерамі) з мэтай зрабіць яе няспраўнай, гэта значыць стварэнне такіх умоў, пры якіх легальныя карыстальнікі сістэмы не могуць атрымаць доступ да сістэмных рэсурсаў (сервераў) або гэты доступ абцяжараны. 

"Белтэлекам" з`яўляецца пярвічным інтэрнэт-правайдарам у Беларусі, ажыццяўляе перадачу звестак па камутаванай сетцы агульнага карыстання, забяспечвае доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнэту, дае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычна любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі краіны шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, аказвае паслугі па міжгароднім і міжнародным роўмінгу.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
19 снежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/1/28717
Текущая дата: 02.05.2024