Белорусский портал в Казахстане

Затрыманая група выкрадальнікаў паліва з нафтаправода Полацк — Вентспілс, якія ў год зараблялі да паўмільёна долараў



Дзеянні падазроных кваліфікаваныя следствам як крадзеж, учынены групай асоб, у асабліва буйным памеры.

Следчым камітэтам Беларусі распачатыя некалькі крымінальных спраў у дачыненні да членаў злачыннай групы, якая займалася выкраданнем дызельнага паліва з магістральнага нафтаправода Полацк — Вентспілс.

Паводле інфармацыі СК і Міністэрства ўнутраных спраў, падставай для распачынання крымінальнай справы паслужылі матэрыялы праверкі, праведзенай галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

Для выкрадання паліва з магістральнага нафтаправода група ажыццявіла незаконную ўрэзку ў трубаправод, праклаўшы кабель даўжынёй прыблізна два кіламетры. Для захоўвання дызпаліва выкарыстоўваўся рэзервуар, схаваны пад гаспадарчай пабудовай згарэлага домаўладання ў адной з вёсак Віцебскай вобласці.

Арганізатарам злачыннага бізнесу быў жыхар Браслава 1971 года нараджэння.

Паводле аператыўнай інфармацыі супрацоўнікаў ГУБАЗіК МУС, падазроныя займаліся злачынным промыслам з 2013 года. Для урэзкі ў нафтаправод і адпампоўвання гаручага выкарыстоўвалі сучаснае абсталяванне, якое закуплялі за мяжой. Тэхналогія не дазваляла ў рэжыме рэальнага часу зафіксаваць спад ціску ў трубах і, адпаведна, спыняць крадзеж.

Аператыўнікі ГУБАЗіК МУС дакументавалі крымінальную дзейнасць фігурантаў на працягу года. Паводле іх інфармацыі, выкрадзеныя сотні тон паліва (у асноўным саляркі), даход ад крымінальнай дзейнасці ацэньваецца ў паўмільёна долараў на год.

Згодна з падазрэннем ва ўчыненні злачынстваў затрыманыя 11 чалавек. Праводзіцца праца па ўстанаўленні іншых асоб, якія маюць дачыненне да дзейнасці групы. 

Следчыя і аператыўнікі працуюць з затрыманымі, праводзіцца агляд месца урэзкі ў нафтаправод і сховішча паліва. Канчатковая шкода будзе ўстаноўленая падчас следства.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 11 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/1/34231
Текущая дата: 29.04.2024