Белорусский портал в Казахстане

Важкі ўклад Беларусі ў сусветную культуру адлюстроўваецца праз прызму многіх слаўных імён



У Беларусі па праве ганарацца тым, што беларуская зямля падарыла свету многіх выдатных майстроў.

Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей на ўрачыстым адкрыцці міжнароднага арт-праекта "Час і творчасць Льва Бакста" ў Нацыянальным мастацкім музеі, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі. 

Паводле слоў міністра, гэты арт-праект важны не толькі з культурнага, але і з палітычнага пункту гледжання. У Беларусі па праву ганарацца тым, што беларуская зямля падарыла свету такіх выдатных майстроў, як Бакст, Шагал, Суцін, Цадкін, Хадасевіч-Лежэ і інш.

"Праз прызму гэтых слаўных імён адлюстроўваецца талент і самабытнасць Беларусі, яе важкі ўклад у сусветную культуру", - сказаў Уладзімір Макей. Ён адзначыў, што ў асобных СМІ часам пішуць, што самастойнасць і незалежнасць Беларусі з`яўляецца выпадковасцю, а сама краіна не прыўнесла нічога значнага ў сусветную гісторыю.

"Гэта глупства. Сваё месца ў гісторыі мае кожны народ. І ў нас ёсць шмат вядомых імён, якімі мы ганарымся", - заявіў міністр.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што аб`яўленне ЮНЕСКА 2016 года годам Льва Бакста сведчыць аб пераканаўчым прызнанні значнасці творчасці мастака для ўсёй сусветнай супольнасці, а такія мерапрыемствы, як арт-праект "Час і творчасць Льва Бакста" садзейнічаюць фарміраванню ў грамадзян Беларусі пачуцця гонару за культурную спадчыну папярэдніх пакаленняў, а таксама ўмацаванню пазітыўнага іміджу Беларусі ў вачах сусветнай супольнасці.

Выстаўка прымеркавана да 150-годдзя з дня нараджэння майстра - юбілею, унесенага па ініцыятыве Беларусі ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА, - і падрыхтавана Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і ААТ "Белгазпрамбанк" пры ўдзеле музеяў Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі.

На адкрыцці таксама выступілі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, старшыня праўлення ААТ "Белгазпрамбанк" Віктар Бабарыка.

Экспазіцыя прадоўжыцца да 17 красавіка 2016 года, потым адправіцца ў Вільнюс і Рыгу.

БЕЛТА, 10 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/1/34223
Текущая дата: 30.04.2024