Белорусский портал в Казахстане

У Брэсце з`явіўся комплекс па перапрацоўцы адходаў драўніны



Святлана Яскевiч (Звязда) 5 кастрычніка 2016

Неяк давялося прачытаць адно цікавае выказванне: «Усё жывое, калі памірае, смярдзіць, і толькі памерлае дрэва пакідае духмяны пах».

Яно так. Хто з нас не ўдыхаў з задавальненнем водар як свежых, толькі што спілаваных, так і падсушаных бярвёнаў? Нядаўна выпала адчуць тую асалоду, стоячы пасярод сцен царквы, што ўзводзіцца ў Мурынах Камянецкага раёна. Ды і ў лесе старое паваленае дрэва ніколькі не псуе паветра.

Але адходы драўніны ў прамысловых альбо гарадскіх маштабах — рэч далёка не бяскрыўдная. Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук агучыў, напрыклад, такую лічбу. Штогод у горадзе зносіцца ад дзвюх да дзвюх з паловай тысяч дрэў. У асноўным гэта старыя аварыйныя дрэвы, якім многа дзясяткаў гадоў. Дрэва спачатку спілоўваецца, а потым выкарчоўваецца пень з мноствам каранёў. Сярод знесеных прадстаўнікоў расліннага свету трапляюцца такія вялікія экзэмпляры, што і два чалавекі яго не ахопяць. Пытанне: што рабіць з падобным разгатым пнём? На дровы яго не пусціш. Спаліць таксама нельга. Вывозіць на звалку, закопваць у зямлю — не самае лепшае выйсце.

Але драўнянымі адходамі называюцца не толькі пні вялікіх дрэў. Штогод горад выкідвае тоны мэблі. І мяркуючы па тым, якой якасці абстаноўку для інтэр`ера выпускаюць сучасныя прадпрыемствы, гэты паказчык будзе ўстойліва расці. Яшчэ ёсць галіны ад знесеных дрэў, астаткі рознага віду вытворчасцяў... Такім чынам на палігонах жыллёва-камунальнай службы штогод збіраюцца горы драўняных астаткаў, якія трэба неяк утылізаваць. І гэта заўсёды было галаўным болем прадпрыемства «Камунальнік».

Менавіта яго кіраўніцтва на працягу доўгага адрэзка часу пісала лісты ў вышэйстаячыя органы з просьбай аб пакупцы адпаведнай тэхнікі. Але адказы сведчылі, што пакуль атрымаць фінансаванне праблематычна.

І вось спецыялісты «Камунальніка» рашылі пайсці, як той казаў, іншым шляхам. А дакладней, паўдзельнічаць у конкурсе праектаў, што праводзіцца пад агульнай назвай «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай эканомікі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца пастаянным прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН у Беларусі.

Падрыхтавалі апісанне сваіх намераў, а таксама бізнес-план. Апошні абаранялі спачатку ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як потым скажа намеснік міністра Ія Малкіна, брастаўчанам проста паверылі на слова. І яны не падвялі.

Такім чынам брэсцкае прадпрыемства ў студзені 2015 года стала адным з пераможцаў конкурсу праектаў. І напрыканцы мінулага тыдня ў мікрараёне Паўднёвы адбылося ўрачыстае адкрыццё комплексу па перапрацоўцы драўняных адходаў у біяпаліва.

Толькі вось традыцыйнай чырвонай стужкі не было на памянёным мерапрыемстве, пераразалі стужку... зялёную, каб яшчэ раз падкрэсліць, што вось гэтыя цудоўныя агрэгаты стануць маленькім унёскам у вялікую будучую «зялёную эканоміку» нашай краіны.

Усе прысутныя прэзентацыі сталі сведкамі работы новага комплексу. На пляцоўцы загадзя падрыхтавалі цэлую гару астаткаў дрэў. Спачатку пень з карэннем ад вялізнага дрэва літаральна перакусвае на кавалкі мабільная колавая драбільная ўстаноўка. Потым адмысловы пагрузчык падае кавалкі драўніны на спецыяльны агрэгат, які ператварае іх у дробную стружку. Вось гэты канечны прадукт і ёсць біяпаліва, якое пойдзе на кацельныя ЖКГ, часткова будзе рэалізоўвацца.

Варта сказаць, што кожная з машын мае дадатковы камплект абсталявання. Таму пагрузчык лёгка спраўляецца з падачай любой сыравіны, напрыклад былых акон, дзвярэй, шаф і буфетаў. Прытым, паводле слоў работнікаў, у машыне ёсць дэталі, якія ўлоўліваюць метал. Такім чынам балты, шрубы, петлі і іншая фурнітура з мэблі ў дрэўнае паліва не трапляюць. Гаспадары новага комплексу сказалі, што яго магутнасці хопіць, каб ператварыць у карысную субстанцыю 50 тысяч кубаметраў драўняных адходаў штогод.

«Камунальніку» разам з гарадскім бюджэтам гэты праект абышоўся ў 125 тысяч рублёў. Столькі каштавала падрыхтоўка пляцоўкі і пераабсталяванне некаторых агрэгатаў. А набыццё машын еўрапейскай вытворчасці, якія і будуць перапрацоўваць адходы, прафінансаваў Еўрасаюз. Намеснік кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Джым Казенс сказаў, што ганарыцца сваім удзелам у названым праекце. Варта адзначыць, што ёсць чым ганарыцца. Кошт тэхнікі, якая цяпер будзе працаваць у Брэсце, складае паўмільёна еўра.

Рабочыя, што прадэманстравалі прысутным бездакорную работу машын і агрэгатаў, ужо асвоіліся з новай тэхнікай. Дырэктар «Камунальніка» Вадзім Кушнярук сказаў, што з уводам у строй комплексу створана шэсць новых рабочых месцаў. Ія Малкіна падкрэсліла адну з асаблівасцяў пераходу на «зялёную эканоміку»: разам з паляпшэннем экалогіі дабаўляюцца новыя рабочыя месцы.

Аб эканоміцы і экалогіі гаварылі пасля ўрачыстага адкрыцця на прэс-брыфінгу. Зроблены маленькі крок да паляпшэння стану навакольнага асяроддзя ў адным горадзе краіны. Але такія крокі надта важныя. Бо калі мы паляпшаем экалогію, гэта станоўча адбіваецца на здароўі кожнага з нас. І зноў прагучала, можа крыху рэзка і катэгарычна, але па сутнасці правільна: «Калі мы не памяняем свае адносіны да навакольнага асяроддзя, планета проста загіне».

Можна дадаць, што маецца на ўвазе глабальны маштаб праблемы. Ды тая самая глабальнасць складваецца з кожнага берага самай малой рачулкі, узлеску ўздоўж дарогі, поля за вёскай. А што мы маем? Рэкі і берагі літаральна завалены пластыкам. Кожны год ладзяцца шматлікія дэсанты валанцёраў, моладзі, школьнікаў па прыборцы, але прыбраць, на жаль, удаецца не ўсё. На прыборку лесу трацяцца вялікія сродкі, а маглі б пайсці тыя грошы на арганізацыю новых экалагічных сцяжын і месцаў адпачынку.

Пра стыхійныя звалкі ў самых нечаканых месцах ужо не кажу, бо надакучыла. Вось вам і галоўны рэзерв «зялёнай эканомікі», глабальнага паляпшэння экалогіі і разам з тым здароўя людзей, які можа быць задзейнічаны пры ўмове перамены адносін да навакольнага асяроддзя. Ну і канкрэтныя эканамічныя праекты, накшталт рэалізаванага ў Брэсце, выглядаюць своечасовымі.

Аўтар: Святлана Яскевiч 
yackevіch@zvіazda.by
Звязда, 5 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2678
Текущая дата: 29.04.2024