Белорусский портал в Казахстане

Пакістан як беларускі партнёр



Сяргей Кізіма (Звязда) 5 кастрычніка 2016

Прэзідэнт Беларусі 4—6 кастрычніка здзяйсняе афіцыйны візіт у Ісламскую Рэспубліку Пакістан. Працягласць візіту адпавядае нядаўняму візіту ў Кітай. Наколькі сур`ёзныя чаканні мы можам мець для Беларусі ад яго правядзення?
________________________________________

Перш за ўсё, важна мець на ўвазе, што празмерных чаканняў быць не павінна. Калі Кітай знаходзіцца на першым месцы ў свеце па памеры эканомікі, то ў Пакістана толькі 25 месца.

Сусед краіны ў рэйтынгу па памеры эканомікі — Польшча, што таксама з`яўляецца пэўным арыенцірам для вызначэння патэнцыялу супрацоўніцтва. Але з геаграфічнага пункту гледжання мы не можам мець тавараабарот з Пакістанам, роўны польскаму (1848 мільёнаў долараў за 2015 год) з-за таго, што Польшча мяжуе з Беларуссю, а Пакістан размешчаны ў Паўднёвай Азіі за тысячы кіламетраў. Пры гэтым камунікацыі не самыя выгодныя для нас — марскі шлях для ажыццяўлення тавараабароту з`яўляецца нязручным, а сухапутны вельмі дорага абыходзіцца, істотна абмяжоўваючы спектр беларускіх тавараў, якія выгадна будзе туды пастаўляць з улікам выдаткаў на перавозку. Падобныя праблемы ў развіцці гандлю з Беларуссю і ў Пакістана, у сілу чаго тавараабарот з гэтай краінай склаў па выніках мінулага года толькі крыху больш за 56 мільёнаў долараў.

Падобная сітуацыя і па інвестыцыйным патэнцыяле. Калі Кітай за апошнія дзесяць гадоў у дзесяць разоў павялічыў аб`ём інвестыцый за свае межы, стаўшы трэцім найбуйнейшым інвестарам на планеце, то Пакістан практычна невядомы як сур`ёзны гулец на рынку замежных інвестыцый. Таму мы не можам чакаць патэнцыйных інвестыцыйных пагадненняў для беларускай эканомікі на мільярды долараў, што ўжо стала звыклым па выніках візітаў кіраўніка дзяржавы ў Кітай.

У плане тэхналагічных магчымасцяў сітуацыя яшчэ больш адрозніваецца. У адносінах з Кітаем Беларусь у асноўным чакае паступлення сучасных кітайскіх тэхналогій на вытворчасці, якія ствараюцца ў Беларусі. Зваротны паток таксама ёсць, але магчымасці дзвюх краін несупастаўныя.

Улічваючы, што ў Кітай за апошнія дзесяцігоддзі ўкаранёны дзясяткі тысяч сучасных заходніх тэхналогій, а інжынерны корпус, які імкліва расце, вынаходзіць ужо новыя тэхналогіі на кітайскай зямлі на базе заходніх, Кітаю ёсць што прапанаваць Беларусі.

У адносінах з Пакістанам сітуацыя адваротная. Пакістан не з`яўляецца цэнтрам прыцягнення замежных сучасных тэхналогій і буйным тэхналагічным цэнтрам. Тут ужо гаворка ідзе пра магчымасці для Беларусі прапанаваць свае тэхналогіі для ўкаранення ў пакістанскую эканоміку.

Гэта важна для беларускай эканомікі, паколькі ў большасці такіх выпадкаў гаворка ідзе пра зборачныя цэхі, у якіх з беларускіх камплектуючых могуць збірацца гатовыя вырабы для пакістанскай эканомікі. На пакістанскім рынку ўжо з мінулага года можна купіць сабраныя ў краіне беларускія трактары. У будучыні такія магчымасці могуць быць цікавыя для Мінскага аўтамабільнага завода і Амкадора, якія ўжо робяць крокі па асваенні пакістанскага рынку. Яшчэ да візіту беларускага Прэзідэнта ў Мінску 22 верасня адбылася сустрэча з урадавай дэлегацыяй правінцыі Пенджаб, на якой прадстаўнікі гэтых прадпрыемстваў абмяркоўвалі з пакістанскім бокам падобныя перспектывы.

Якія фактары дазваляюць разлічваць на пазітыў у развіцці адносін, нягледзячы на шэраг названых негатыўных аспектаў? Галоўным фактарам выступае непадробная ўзаемная цікавасць у развіцці ўсё больш прадуктыўнага супрацоўніцтва.

Так, 7—8 верасня ў Брэсце прайшло ўжо трэцяе па ліку пасяджэнне сумеснай беларуска-пакістанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, вынікі якога прадэманстравалі існуючыя магчымасці.

У прыватнасці, пакістанскі бок прапанаваў сур`ёзна працаваць над арганізацыяй прамых авіязносін з Беларуссю і новых лагістычных маршрутаў для кантэйнерных перавозак паміж дзвюма краінамі. Улічваючы, што першае пасяджэнне сумеснай беларуска-пакістанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве адбылося толькі 7 жніўня 2015 года, відавочная дэманстрацыя волі бакоў да інтэнсіўнага нарошчвання кантактаў.

У наяўнасці і імклівы рост палітычнай кааперацыі. Гэта ўжо другі візіт беларускага Прэзідэнта ў Пакістан за два гады, што само па сабе гаворыць пра многае.

У цэлым, нягледзячы на існуючыя абмежаванні ў развіцці адносін, Пакістан з`яўляецца адным з тых буйных рынкаў, якія знаходзяцца далёка ад еўрапейскага рэгіёна і зведваюць зараз сур`ёзныя праблемы.

Нізкія тэмпы развіцця Еўрасаюза, падзенне расійскай і ўкраінскай эканомік, якое зацягнулася, прымушаюць беларускіх экспарцёраў шукаць новыя магчымасці на раней нязвыклых маршрутах. І Паўднёвая Азія ў цэлым, а Пакістан у прыватнасці, не могуць быць упушчаны пры такім раскладзе.

Сяргей Кізіма 
доктар палітычных навук
Звязда, 5 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2679
Текущая дата: 07.05.2024