Белорусский портал в Казахстане

Міністр ЕЭК расказаў аб памылках Рассельгаснагляду пры прымяненні стандартаў да беларускага малака



Эдуард Півавар (БЕЛТА) 24 кастрычніка 2018

Член Калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Віктар Назаранка ў інтэрв`ю расказаў аб памылках, дапушчаных Рассельгаснаглядам пры прымяненні міждзяржаўных стандартаў ЕАЭС да беларускай малочнай прадукцыі, якія прывялі да ўвядзення абмежаванняў на яе пастаўкі ў Расію. 

Віктар Назаранка нагадаў, што Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расіі (Рассельгаснагляд) з 16 ліпеня ўвяла часовыя абмежаванні адносна беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з паўторным выяўленнем нітратаў у пітным малаку. 

"Пры гэтым Рассельгаснагляд прымяняў міждзяржаўны стандарт ДАСТ 32257-2013 "Малако і малочная прадукцыя. Метад вызначэння нітратаў і нітрытаў", уключаных у пералік стандартаў да тэхрэгламенту на малако, - растлумачыў ён. - А абмежаванні паставак уводзіліся ў сувязі з неадпаведнасцю прадукцыі тэхнічнаму рэгламенту саюза "Патрабаванні бяспекі харчовых дабавак, араматызатараў і тэхналагічных дапаможных сродкаў". Згодна з тэхрэгламентам на харчовыя дабаўкі не дапускаецца выкарыстанне кансервантаў, у тым ліку пры вытворчасці малака. Гэта патрабаванне выключае магчымасць прымянення нітрату натрыю (Е251) і нітрату калію (Е252) у якасці харчовых дабавак з тэхналагічнай функцыяй "кансервант" пры вытворчасці малака". 

Пытанне, звязанае з выяўленнем лабараторыямі Рассельгаснагляду кансервантаў (нітратаў) у гатовай малочнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, разглядалася 18 ліпеня ў ЕЭК на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў упаўнаважаных органаў у галіне санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці насельніцтва, ветэрынарыі, тэхнічнага рэгулявання і экспертаў навукова-даследчых устаноў дзяржаў саюза. 

"У выніку абмеркавання тэмы зроблены высновы аб неправамернасці прымянення названага стандарту для кантролю колькасці кансервантаў Е251 і Е252 у гатовай малочнай прадукцыі на адпаведнасць патрабаванням тэхрэгламенту на харчовыя дабаўкі і адсутнасці доказаў шкоды нітратаў для здароўя чалавека ў межах фонавых узроўняў, - падкрэсліў міністр ЕЭК. - Па выніках нарады камісія накіравала ў Рассельгаснагляд растлумачэнні аб парадку прамянення міждзяржстандарту ДАСТ 32257-2013". 

Пытанне аб увядзенні Рассельгаснаглядам часовых абмежаванняў разгледжана 17 верасня ў ЕЭК у час кансультацый з удзелам прадстаўнікоў упаўнаважаных органаў краін ЕАЭС. "Прынята рашэнне аб вынясенні яго на разгляд Калегіяй ЕЭК", - дадаў Віктар Назаранка.

24 кастрычніка 2018, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/2967
Текущая дата: 14.05.2024