Белорусский портал в Казахстане

Дабравешчанне – свята прылёту бусла



Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, чаму бусел з`яўляецца любімай птушкай беларусаў і што ён прыносіць гаспадарам дома.

Дабравешчанне (Благавешчанне, Благавеснік, Звеставанне) - вялікае рэлігійнае свята. У гэты дзень забараняецца выконваць якую б то ні было працу. У народзе так і казалі: "На Благавешчанне нават і птушка пярынкі не занясе на гняздо — такое важнае свята" ці "На Благавешчанне дзеўка касу не пляце, птушка гнязда не ў`е". Да гэтага дня забаранялася чапаць зямлю.

"Благавешчанне святкавалі сёмага красавіка. Лічылася, што ў гэты дзень вясна прыходзіла. Казалі, што да Благавешчання зямля спіць, таму ніхто не капаў зямлю, не паліў смецце, не гарадзіў заборы, нельга было вокны выстаўляць, адкрываць іх. Лічылася, што надвор`е на Благавешчанне прадказвае надвор`е на Вялікдзень.

Дабравешчанне — свята прылёту бусла. У народных павер`ях бусел — гэта птушка, якая прыносіць шчасце, дабрабыт у сям`ю і спрыяе дзетанараджэнню.

У гэты дзень асабліва пільна ўглядаліся ў неба, каб пабачыць першы раз у гэтым годзе бусла.

Павер`і беларусаў

Існуе трывалае народнае перакананне, што калі пабачыш бусла ў палёце, то цэлы год усе справы будуць рухацца наперад. Казалі, што "чалавек будзе лёгкі на ногі". Калі ж птушка будзе стаяць, то ўсё атрымаецца наадварот, і нават прадракалі, што ў таго чалавека нібыта будуць балець ногі.

Верылі, што шчасце будзе ісці разам з тым, на чыім падвор`і бусел зрабіў гняздо. На чыім двары ён паселіцца — там будзе поўны дастатак. Таму многія беларусы зацягвалі на стрэхі сваіх будынкаў старыя колы, каб яны паслужылі асновай для гнязда бусла. Калі з цягам часу чалавеку патрабавалася змяніць страху, то гняздо акуратна здымалі і вярталі пасля на тое ж самае месца. Разбурыць гняздо бусла — вялікі грэх. Лічылі, што на адной назе бусла знаходзіцца агонь, а на другой — вада. Таму ён у адплату за разбурэнне гнязда можа зрабіць пажар — прынясе галавешку і спаліць хату або накліча градавую хмару.

Забіваць бусла — таксама грэх. Гэта тое ж, што і забіваць чалавека, бо бусел па легендзе сам з чалавека. Тыповы варыянт легенды аб паходжанні бусла быў запісаны на Віцебшчыне этнографам Мікалаем Нікіфароўскім у канцы ХІХ стагоддзя. У ёй пераказваецца вядомы сюжэт аб ператварэнні Богам чалавека ў бусла ў пакаранне за тое, што ён не выканаў Божага загаду.

Паданне пра чалавека і бусла

Гэта было тады, калі Бог хадзіў па зямлі. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле, і вырашыў Бог знішчыць іх, патапіўшы ў якойсці бяздонніцы. Бог сабраў гадаў у торбу, завязаў яе, узваліў аднаму неразумнаму чалавеку на плечы і загадаў укінуць у паказанае месца. Як толькі чалавек рушыў, то ўся сволач, якая была ў торбе, засквірчэла, засіпела, засвістала, і ўзяло чалавека цікаўства, што ён такое прэць.

Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад страху. Гады ж тым часам вылезлі з торбы і распаўзліся ізноў па зямлі. Бог не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь, і ён накінуў на чалавека парожнюю торбу і загадаў у яе збіраць паўцякаўшых гадаў…

І ходзіць гэты ператвораны чалавек з накінутай паміж плеч торбай па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтай пары ніяк сабраць не можа, нягледзячы на тое, што Бог для дапамогі паслаў яму дзяцей і жонку. З прычыны сваёй крэўнасці з чалавекам гэты перавароцень не адыходзіцца далёка ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей.

Цыбаты, крыху смешны бусел сапраўды нагадвае насатага дзядзьку-беларуса.

Што такое галёпы

На беларускім і украінскім Палессі існаваў звычай выпякаць на Дабравешчанне рытуальнае печыва — буськовы лапы — у выглядзе адбітка следа бусла. З гэтым печывам дзеці сустракалі прылятаючых з выраю буслоў, прыгаворваючы: "Буська, буська, на табе галёпу, дай мне жыта копу!.."

Цеста на галёпы заўсёды рабілі поснае — без яек, малака ды масла, бо яшчэ доўжыцца пост. Але паколькі печыва святочнае, то яго замешвалі з лепшай мукі, з алеям, мёдам і цукрам.

А яшчэ Дабравешчанне, як час яўнай перавагі вясны над зімой, прымушала беларускіх гаспадынь падумаць пра агароды, тым больш, што пара каля гэтага свята лічыцца найбольш прыгоднай для пасеву расады.

Sputnik, 7 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3021
Текущая дата: 20.05.2024