Белорусский портал в Казахстане

Пахне чабор...



Хіба на вечар той можна забыцца?
...Сонца за борам жар-птушка садзіцца,
Штосьці сьпявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Лёгкія крокі на вузкай сьцяжынцы,
Дзеўчына ў белай іскрыстай хусьцінцы,
Быццам абсыпана промнямі зор,
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Выйсьці б насустрач, стаць і прызнацца,
Вось яно – блізкае, яснае шчасьце.
Клікнуць хацелася – голас замёр,
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Год адзінаццаць, а можа дванаццаць
Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца,
Сэрца нязьменна хвалюе дакор,
Пахне чабор,
Пахне чабор...

Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвілінай – яна прада мною...
Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/425
Текущая дата: 28.03.2024