Белорусский портал в Казахстане

Указ аб некаторых мерах па ўдасканаленню антыманапольнага рэгулявання і развіццю канкурэнцыі



Указ
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
№ 499
 
Аб некаторых мерах па ўдасканаленню
антыманапольнага рэгулявання і развіццю
канкурэнцыі
 
У мэтах удасканалення антыманапольнага рэгулявання і развіцця канкурэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці юрыдычных і фізічных асоб:
 
1. Устанавіць, што:
 
1.1. Міністэрства эканомікі на таварных рынках рэспублікі, структурныя падраздзяленні абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць функцыі антыманапольнага рэгулявання і кантролю на таварных рынках абласцей (г. Мінска), з’яўляюцца антыманапольнымі органамі (далей - антыманапольныя органы), якія пры ажыццяўленні дзяржаўнага антыманапольнага рэгулявання і кантролю ў межах сваёй кампетэнцыі маюць права:
 
1.1.1. выносіць абавязковыя для выканання юрыдычнымі асобамі, дзяржаўнымі органамі, іх службовымі асобамі прадпісанні (рашэнні) аб спыненні дзеянняў (бяздзейнасці), якія парушаюць антыманапольнае заканадаўства, аб адмене (змяненні) прынятых імі прававых актаў, што не адпавядаюць гэтаму заканадаўству і (або) прыводзяць да абмежавання канкурэнцыі, у тым ліку:
аб спыненні дзеяння ўведзеных забарон і (або) абмежаванняў адносна рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) у Рэспубліцы Беларусь, іншых абмежаванняў правоў і законных інтарэсаў юрыдычных і фізічных асоб, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, на набыццё і (або) рэалізацыю тавараў (работ, паслуг);
 
аб адмене рашэнняў па надзяленню камерцыйных і некамерцыйных арганізацый паўнамоцтвамі, якія могуць прывесці да абмежавання канкурэнцыі;
 
1.1.2. заключаць у парадку, устаноўленым Міністэрствам эканомікі, з юрыдычнымі асобамі, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, пагадненні (уносіць змяненні і дапаўненні ў іх), у якіх вызначаюцца абавязковыя ўмовы, што выключаюць манапалістычную дзейнасць гэтых юрыдычных асоб, а таксама межы змянення цэн (тарыфаў) на тавары (работы, паслугі) (далей - пагадненні).
 
На працягу тэрміну дзеяння пагаднення юрыдычная асоба, якая займае дамінуючае становішча на таварных рынках, вызваляецца ад абавязку фарміравання (прымянення) рэгулюемых цэн (тарыфаў) на тавары (работы, паслугі), прадугледжанага для юрыдычных асоб, уключаных у Дзяржаўны рэестр аб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках. Пры гэтым падлягаюць выкананню нормы актаў заканадаўства аб цэнаўтварэнні, абавязковыя да выканання іншымі юрыдычнымі асобамі, не ўключанымі ў гэты рэестр.
 
У выпадку парушэння такой юрыдычнай асобай абавязковых умоў пагаднення антыманапольны орган на працягу 3 рабочых дзён накіроўвае ёй паведамленне аб скасаванні гэтага пагаднення і праз 30 дзён з даты скасавання гэта юрыдычная асоба абавязана прымяняць рэгулюемыя цэны (тарыфы) на тавары (работы, паслугі) у адпаведнасці з заканадаўствам;
 
1.1.3. звяртацца ва ўстаноўленым парадку ў суды без выплаты дзяржаўнай пошліны з іскавымі заявамі (скаргамі) аб прызнанні несапраўднымі дагавораў (пагадненняў), уключаючы дагаворы (пагадненні) паміж дзяржаўнымі органамі (іншымі юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі), а таксама паміж дзяржаўным органам і іншай юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам, заключаных у мэтах парушэння антыманапольнага заканадаўства, якія прыносяць шкоду правам і законным інтарэсам іншых юрыдычных асоб або грамадзян і прыводзяць да абмежавання канкурэнцыі;
 
1.1.4. ажыццяўляць іншыя правы, што вызначаюцца іншымі заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;
 
1.2. антыманапольны орган пры прымяненні абзаца шостага пункта 2 артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 1992 года "Аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., нумар 36, арт. 569; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., нумар 8, 2/139) мае права ўзгадняць толькі набыццё правоў карыстання і (або) распараджэння 20 працэнтамі і больш акцый (долей) у статутным фондзе юрыдычнай асобы на падставе дагавора куплі-продажу (дагавора давернага кіравання маёмасцю, дагавора аб сумеснай дзейнасці, дагавора даручэння), калі балансавая вартасць актываў юрыдычнай асобы, вызначаная на падставе даных бухгалтарскай справаздачнасці (бухгалтарскага балансу) на апошнюю справаздачную дату, перавышае 100 тыс. базавых велічынь або аб’ём выручкі ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) па выніках фінансавага года, які папярэднічае году набыцця, перавышае 200 тыс. базавых велічынь;
 
1.3. дзяржаўныя органы (іх службовыя асобы) прадстаўляюць па запыту антыманапольнага органа ва ўстаноўленыя ім тэрміны адпаведныя дакументы і (або) звесткі, неабходныя для вызначэння антыманапольным органам стану таварных рынкаў рэспублікі, ступені іх манапалізацыі.
 
2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:
 
2.1. сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам забяспечваць выкананне антыманапольнага заканадаўства рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў адпаведнасці з гэтым Указам;
 
2.2. у чатырохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Указа ва ўстаноўленым парадку ўнесці прапанову аб прывядзенні заканадаўчых актаў у адпаведнасць з гэтым Указам;
 
2.3. у трохмесячны тэрмін прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Указам;
 
2.4. прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Указа.
 
3. Гэты Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем падпунктаў 2.2 - 2.4 пункта 2 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Указа.
 
Прэзідэнт
Рэспублікі Беларусь                  А.Лукашэнка.
13 кастрычніка 2009 г.
г. Мінск.
 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/545
Текущая дата: 18.04.2024