Белорусский портал в Казахстане

Традиции и обряды белорусов



Традыцыйная сямейная абраднасць беларусаў

Традыцыйная сямейная абраднасць беларусаў з`яулялася неад`емнай часткай народнага быту, сямейнага укладу, духоунай культуры народа, яго светапогляду, звычаёвага права, этыкі і эстэтыкі.

Станаўленне і функцыяванне гэтай складанай культурна гістарычнай з`явы былі абумоўлены заканамернасцямі сацыяльна-гістарычнага развіцця і этнічнай традыцыяй.

Сямейныя звычаі і абрады аб`ядноўвалі і ўмацоўвалі сям`ю, служылі своеасаблівым механізмам для перадачы этнічных традыцый, маральна-этычных норм і прынцыпаў ад старэйшых да малодшых. Яны дапамагалі кожнай канкрэтнай сям`і з годнасцю адзначыць такія важныя падзеі, як нараджэнне дзіцяці, ўступленне маладых у шлюб, пераход сям`і ў новую хату, або зняць эмацыянальна-псіхічнае напружанне ў выпадку смерці каго-небудзь з блізкіх, з павагай да жывых і нябожчыка пахаваць і памянуць яго.

Разам з тым традыцыйная сямейная абраднасць беларусаў прадугледжвала звычаі і абрадавыя дзеянні, якія павінны былі ўмацоўваць «знешнія» сувязі сям`і з суседзямі, сваякамі, сябрамі, дапамагалі ўсталяванню добразычлівых адносін паміж імі, а таксама падымалі прэстыж сям`і сярод аднавяскоўцаў.

РусаллеВеданне і дэталёвае выкананне традыцыйных сямейных звычаяў і абрадаў адыгрывалі немалаважную ролю у фармаванні пэўнай станоўчай ці адмоўнай грамадскай думкі аб той ці іншай сям`і, што мела вялікае значэнне для яе існавання. Сказанае вышэй было тым больш значным, што гэта грамадская думка (слава) перадавалася з пакалення ў пакаленне, пэўным чынам адбівалася на лёсе дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Акрамя таго, ў народзе бытавала ўяўленне, што выкананне пэўных абрадавых дзеянняў можа станоўча паўплываць на лёс дзіцяці ці маладой шлюбнай пары, забяспечыць дабрабыт, багацце сям`і, здароўе ўсім яе насельнікам.

У канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў агульны комплекс сямейных звычаяў і абрадаў заставаўся даволі кансерватыўнай часткай народнага жыцця. Ў ім разам са шматлікімі рацыянальнымі элементамі суіснавалі магічныя прыёмы і царкоўна-хрысціянскія кампаненты.

У сучасным жыцці беларусаў значэнне абрадаў паменшылася, але і захоўваецца ў пэўнай ступені, бо ўласціва беларускаму светаадчуванню.

Абрады можна ўмоўна падзяліць на радзінныя, вясельныя, пахавальна-памінальныя і на традыцыйныя сямейныя святы, а таксама на новыя, сучасныя звычаі.

Сіла традыцыі, няўпэўненасць у паспяховым зыходзе родаў, высокая дзіцячая смяротнасць прадвызначалі устойлівасць і шырокае бытаванне звычаяў і прадпісанняў дародавага цыкла, якія адрозніваліся прыкметнай аднароднасцю. Адначасова ў гэтых звычаях і абрадавых дзеяннях назіраліся пэўныя своеасаблівыя рысы, варыятыўнасць якіх не мела акрэсленага рэгіянальнага праяўлення і ў значнай ступені залежала ад традыцый той ці іншай беларускай вёскі.

Рэгіянальныя адрозненні больш выразныя ў звычаях і абрадах родавага цыкла. Найбольш ярка акрэсленымі лакальныя асаблівасці былі у пасляродавай абраднасці.

(па матэрыялах: "Сям`я і сямейны быт беларусаў",  Мінск, Навука і тэхніка, 1990)

Каментары

Свята - сукупнасць традыцыйных звачаяў, абрадаў і гульняў, свабодныя ад работы дні.
(нп: Купалле, Гуканне Вясны, Каляды)

Прысвятак - звычайны рабочы дзень, названы ў гонар гістарычнай, духоўнай ці фальклёрнай асобы.(нп: Дзень Валянціна, Юр`е, Мікола, Піліпаўка)

Абрад - сукупнасць традыцыйных дзеянняў, якія адлюстроўваюць бытавыя і культавыя звычаі народа.(нп: "мыццё дзежкі", "пахаванне стралы".)

Гульня - актыўны адпачынак, гістарычна сфармаваны на аснове драматызаваных, умоўных або творчых дзеянняў з пэўнымі правіламі і прыёмамі забаў. Яна з`яўляецца сродкам фізічнага разумовага і маральна-эстэтычнага выхавання. Многія народныя гульні ўзніклі з абрадаў,  развіваліся са старажытных часоў і дагэтуль нясуць на сабе сляды язычніцкіх культаў.

Ігрышча - народнае зборышча, пераважна моладзі, з танцамі, гульнямі, тэатрам, а таксама з частаваннем. Адбываецца на вялікія святы.




Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/572
Текущая дата: 20.04.2024