Законодательство

https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях рэкламы (3 студзеня 2013 года)


Закон Рэспублікі Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнікоў
17 снежня 2012 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі
20 снежня 2012 года

Артыкул 1. Частку другую артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1998 года (ЗЗ БССР, 1990 г.,
№ 4, арт. 46; Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 28, арт. 461; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2009 г., № 276, 2/1603) выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Рэклама на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь размяшчаецца (распаўсюджваецца) на беларускай і (або) рускай мовах. Гэта палажэнне не распаўсюджваецца на рэкламу, што размяшчаецца (распаўсюджваецца) на радыё, тэлебачанні, у друкаваных выданнях і на інфармацыйных рэсурсах нацыянальнага сегмента глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт, якія размяшчаюць (распаўсюджваюць) інфармацыю выключна на замежных мовах, рэкламу таварных знакаў і (або) знакаў абслугоўвання, а таксама на рэкламу, што змяшчае агульнапрынятыя замежныя тэрміны і абазначэнні, якія ўвайшлі ў прымяненне ў арыгінальным напісанні і (або) не маюць абазначэння на беларускай і (або) рускай мовах, выкананыя на замежнай мове назвы тавараў, творчыя псеўданімы, арыгінальныя назвы творчых калектываў, твораў, даменныя імёны сайтаў або запрашэнні на работу ці вучобу асоб, якія свабодна валодаюць замежнымі мовамі.".

Артыкул 2. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 года "Аб рэкламе" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г.,
№ 119, 2/1321; 2008 г., № 196, 2/1525; 2009 г., № 276, 2/1607; 2010 г., № 6, 2/1647) наступныя дапаўненні і змяненні:

1. У артыкуле 2:

пасля абзаца другога дапоўніць артыкул абзацам наступнага зместу:

"мультымедыйная рэклама (контррэклама) — рэклама (контррэклама), якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) з дапамогай праграмна-тэхнічных сродкаў, якія рэалізуюць інфармацыю ў гукавым і (або) глядзельным выглядзе (тэкст, графіка, фатаграфія, відэа, мультыплікацыя (анімацыя), гукавыя эфекты і інш.), за выключэннем рэкламы (контррэкламы), якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на тэлебачанні і радыё;";

абзацы трэці—пятнаццаты лічыць адпаведна абзацамі чацвёртым—шаснаццатым;

абзац чацвёрты выкласці ў наступнай рэдакцыі;

"вонкавая рэклама — рэклама, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) з выкарыстаннем сродкаў вонкавай рэкламы на знешніх баках будынкаў (збудаванняў), па-за будынкамі (збудаваннямі) і ў падземных пешаходных пераходах;";

пасля абзаца шостага дапоўніць артыкул абзацам наступнага зместу:

"плошча рэкламы (контррэкламы) — велічыня паверхні, якая спецыяльна прызначана і (або) выкарыстоўваецца для размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы (контррэкламы);";

абзацы сёмы—шаснаццаты лічыць адпаведна абзацамі восьмым—сямнаццатым;

з абзаца дзявятага словы "прызначаная для няпэўнага кола асоб (спажыўцоў рэкламы)," выключыць;

у абзацы шаснаццатым словы "дзяржаўных праграм у сферах аховы здароўя, адукацыі" замяніць словамі "праграм па пытаннях развіцця адукацыі, дзяржаўных праграм у сферах аховы здароўя";

дапоўніць артыкул абзацам васямнаццатым наступнага зместу:

"эквівалентны ўзровень гуку — усярэдненае значэнне сілы гуку (энергетычнае ўсярэдненне).".

2. Артыкул 3 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 3. Міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь у галіне рэкламы

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь вызначаны іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.".

3. У артыкуле 7:

пасля абзаца трэцяга дапоўніць артыкул абзацам наступнага зместу:

"стварае Міжведамасную раду па рэкламе;";

абзацы чацвёрты—восьмы лічыць адпаведна абзацамі пятым—дзявятым;

абзацы пяты і шосты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"вызначае парадак вытворчасці і размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы, уключаючы парадак удзелу Міжведамаснай рады па рэкламе ў ацэнцы якасці сацыяльнай рэкламы;

вызначае парадак размяшчэння (распаўсюджвання) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэкламы тавараў, якія вырабляюцца на гэтай тэрыторыі, рэкламы алькагольных напояў у сродках масавай інфармацыі, размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы, а таксама парадак размяшчэння (распаўсюджвання) і ўзгаднення вонкавай рэкламы, рэкламы на аўтамабілях, трамваях, тралейбусах, колавых трактарах, аўтацягніка, калі іншае не вызначана прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;";

абзац сёмы выключыць;

абзацы восьмы і дзявяты лічыць адпаведна абзацамі сёмым і восьмым.

4. У артыкуле 8:

абзац чацвёрты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"ажыццяўляе кантроль у галіне рэкламнай дзейнасці;";

з абзаца шостага слова "парушальнікам" выключыць;

абзац сёмы выключыць;

абзацы восьмы—дзясяты лічыць адпаведна абзацамі сёмым—дзявятым.

5. У артыкуле 9:

у абзацы першым слова "Мясцовыя" замяніць словамі "1. Мясцовыя";

з абзаца трэцяга слова "парушальнікам" выключыць;

абзац чацвёрты выключыць;

абзацы пяты—дзявяты лічыць адпаведна абзацамі чацвёртым—восьмым;

у абзацы сёмым словы "аўтамабільных транспартных сродках, трамваях, тралейбусах" замяніць словамі "аўтамабілях, трамваях, тралейбусах, колавых трактарах, аўтацягніках";

дапоўніць артыкул пунктам 2 наступнага зместу:

"2. Абласныя, гарадскія, уключаючы Мінскі гарадскі, раённыя выканаўчыя камітэты ажыццяўляюць кантроль у галіне рэкламнай дзейнасці.".

6. Дапоўніць Закон артыкулам 9 1 наступнага зместу:

"Артыкул 9 1. Міжведамасная рада па рэкламе

1. Міжведамасная рада па рэкламе ствараецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у мэтах удасканальвання ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, рэкламавытворцаў, рэкламараспаўсюджвальнікаў па пытаннях стварэння спрыяльных умоў для ўстойлівага развіцця рэкламнага рынку ў Рэспубліцы Беларусь, абароны грамадства ад неналежнай рэкламы, а таксама для выпрацоўкі рэкамендацый па правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне рэкламы, рэгуляванні рэкламнай дзейнасці, ацэнкі якасці сацыяльнай рэкламы.

2. Палажэнне аб Міжведамаснай радзе па рэкламе і склад Міжведамаснай рады па рэкламе зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Арганізацыйнае і інфармацыйнае забеспячэнне работы Міжведамаснай рады па рэкламе ажыццяўляецца Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь.".

7. У артыкуле 10:

частку першую пункта 2 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"2. Рэклама на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь размяшчаецца (распаўсюджваецца) на беларускай і (або) рускай мовах. Гэтае палажэнне не распаўсюджваецца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на радыё, тэлебачанні, у друкаваных выданнях і на інфармацыйных рэсурсах нацыянальнага сегмента глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт (далей — сетка інтэрнэт), якія размяшчаюць (распаўсюджваюць) інфармацыю выключна на замежных мовах, рэкламу таварных знакаў і (або) знакаў абслугоўвання, а таксама на рэкламу, якая змяшчае агульнапрынятыя замежныя тэрміны і абазначэнні, якія ўвайшлі ў прымяненне ў арыгінальным напісанні і (або) не маюць абазначэння на беларускай і (або) рускай мовах, выкананыя на замежнай мове найменні тавараў, творчыя псеўданімы, арыгінальныя назвы творчых калектываў, твораў, даменныя імёны сайтаў або запрашэнні на працу або вучобу асоб, якія свабодна валодаюць замежнымі мовамі.";

пункт 3 дапоўніць трэцім сказам наступнага зместу: "Пры гэтым данае ўказанне выконваецца шрыфтам, памер якога не павінен быць меншым за памер шрыфту, які выкарыстоўваецца для напісання сродку індывідуалізацый тавару, а ў рэкламе на тэлебачанні і мультымедыйнай рэкламе павінна размяшчацца (распаўсюджвацца) на працягу ўсяго часу рэкламы, а ў рэкламе на радыё — агучвацца.";

пункт 4 пасля слоў "і радыё," дапоўніць словамі "сродку вонкавай рэкламы, транспартным сродку, праз сотавую рухомую электрасувязь аператарамі электрасувязі,";

частку другую пункта 6 выключыць;

пункт 7 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"7. Папераджальныя надпісы і іншая абавязковая да размяшчэння ў рэкламе інфармацыя павінны быць выкананы выразнымі літарамі і колерам, які кантрастуе з колеравым фонам плошчы рэкламы, на якой размяшчаецца інфармацыя.

Указаныя ў рэкламе зноскі, якія ўдакладняюць інфармацыю, якая размяшчаецца ў рэкламе, нумары тэлефонаў, даменнае імя сайта, нумар і дата выпуску друкаванага сродку масавай інфармацыі, які змяшчае інфармацыю аб аб'екце рэкламавання, выконваецца выразнымі літарамі і шрыфтам, памер якога не павінен быць меншым за палову найбольшага памеру шрыфту, які выкарыстоўваецца ў рэкламе. Такая інфармацыя ў рэкламе на тэлебачанні і мультымедыйнай рэкламе павінна займаць не менш за пяць секундаў, пры працягласці ўказанай рэкламы менш за пяць секундаў — размяшчацца (распаўсюджвацца) на працягу ўсяго часу рэкламы, а ў рэкламе на радыё — агучвацца.";

у пункце 8:

з абзаца трэцяга словы "або выказваць меркаванне аб" выключыць;

дапоўніць пункт абзацам чацвёртым наступнага зместу:

"змяшчаць указанне на лячэбныя ўласцівасці аб'екта рэкламавання, за выключэннем рэкламы лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі.";

абзац трэці пункта 9 пасля слова "выкарыстання" дапоўніць словамі "ў сацыяльнай рэкламе, рэкламе медыцынскай дзейнасці рэкламадаўца, а таксама";

у пункце 10:

абзац чацвёрты дапоўніць словамі ", аналагаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, інфармацыя пра якіх размешчана на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у сетцы інтэрнэт";

абзац пяты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"попыту і (або) прапаноў органаў і (або) тканак чалавека;";

абзац дзясяты дапоўніць словамі ", а таксама паслуг па навучанні ўказанай дзейнасці";

дапоўніць пункт абзацам дванаццатым наступнага зместу:

"дзейнасці асоб, не зарэгістраваных у якасці юрыдычных асоб або індывідуальных прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь, па прыцягненні грашовых сродкаў, электронных грошай і іншай маёмасці грамадзян пад выплату даходу.";

пункт 11 пасля слоў "рэкламы, за выключэннем" дапоўніць словамі "сацыяльнай рэкламы,".

8. У артыкуле 11:

у абзацы чацвёртым пункта 1 словы "30 працэнтаў аб'ёму вяшчання" замяніць словамі "16 хвілін";

пункт 5 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"5. Працягласць кожнага перарывання перадачы рэкламай, у тым ліку мастацкага фільма, не павінна перавышаць шасці хвілін, за выключэннем перыяду з 18.00 да 22.00. дапускаецца перарыванне перадач рэкламай, у тым ліку мастацкіх фільмаў, не больш за чатыры разы на працягу гадзіны эфірнага часу.";

пункт 7 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"7. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы эратычнай прадукцыі, прадукцыі, якая змяшчае элементы эротыкі, а таксама паслуг, звязаных з распаўсюджваннем такой прадукцыі, на тэлебачанні і радыё дапускаецца з 24.00 да 4.00.";

абзац першы пункта 10 пасля слова "Патрабаванні" дапоўніць словамі "пунктаў 1—9 і 11";

пункт 11 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"11. Параметры суадносін эквівалентнага ўзроўню гуку рэкламы, паведамлення аб яе наступнай трансляцыі і эквівалентнага ўзроўню гуку праграмы, якая транслюецца і перарываецца рэкламай, а таксама метады вымярэння эквівалентнага ўзроўню гуку рэкламы і эквівалентнага ўзроўню гуку праграмы, якая транслюецца і перарываецца рэкламай, вызначаюцца абавязковымі для выканання патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў.".

9. Пункт 1 артыкула 12 дапоўніць трэцім сказам наступнага зместу. "У выпадку, калі згода абанента або адрасата на атрыманне рэкламы ўключаецца ў дагавор на аказанне паслуг тэлефоннай, тэлекснай, факсімільнай, сотавай рухомай электрасувязі, электроннай пошты, што заключаецца з абанентам або адрасатам у пісьмовай форме, абанент або адрасат павінен быць праінфармаваны аб праве патрабаваць ад рэкламараспаўсюджвальніка неадкладнага спынення размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы на яго адрас, пра што ў дагаворы павінна змяшчацца адпаведная адзнака, засведчаная подпісам абанента або адрасата.".

10. Пункт 2 артыкула 13 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"2. Размяшчэнне сродку вонкавай рэкламы арганізацыяй, індывідуальным прадпрымальнікам або грамадзянінам, які ажыццяўляе адвакацкую дзейнасць, прыватную натарыяльную дзейнасць, рамесную дзейнасць або дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, дапускаецца пры наяўнасці размяшчэння адпаведнага Мінскага гарадскога, гарадскога (горада абласнога падпарадкавання), раённага выканаўчага камітэта, які выдаецца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Пералік сродкаў вонкавай рэкламы, на якія не патрабуецца такога дазволу, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. У выпадку размяшчэння сродку вонкавай рэкламы ў межах прыдарожнай паласы (кантраляванай зоны) аўтамабільнай дарогі, чырвоных ліній вуліц, дарог і плошчаў населеных пунктаў такі дазвол выдаецца пасля атрымання названым мясцовым выканаўчым і распарадчым органам узгаднення адпаведнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў абласнога выканаўчага камітэта, аддзела Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі ўпраўлення, аддзела ўнутраных спраў гарадскога, раённага выканаўчага камітэта, на тэрыторыі якога размяшчаецца сродак вонкавай рэкламы.

Вонкавая рэклама павінна быць узгоднена арганізацыяй, індывідуальным прадпрымальнікам або грамадзянінам, які ажыццяўляе адвакацкую дзейнасць, прыватную натарыяльную дзейнасць, рамесную дзейнасць або дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, якія атрымалі дазвол на размяшчэнне сродку вонкавай рэкламы, з адпаведным Мінскім гарадскім, гарадскім (горада абласнога падпарадкавання), раённым выканаўчым камітэтам. Пры наяўнасці такога ўзгаднення наступнае размяшчэнне (распаўсюджванне) вонкавай рэкламы дапускаецца без паўторнага ўзгаднення. Парадак узгаднення вонкавай рэкламы вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.".

11. Артыкулы 14 і 15 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 14. Рэклама на транспартным сродку

1. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы на транспартным сродку не павінна пагражаць бяспецы руху.

2. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы на аўтамабілі, трамваі, тралейбусе, колавым трактары, аўтацягніку арганізацыяй, індывідуальным прадпрымальнікам або грамадзянінам, які ажыццяўляе адвакацкую дзейнасць, прыватную натарыяльную дзейнасць, рамесную дзейнасць або дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, дапускаецца пасля ўзгаднення рэкламы з адпаведным Мінскім гарадскім, гарадскім (горада абласнога падпарадкавання), раённым выканаўчым камітэтам, на тэрыторыі якога зарэгістраваны гэты транспартны сродак. Такое ўзгадненне ажыццяўляецца пасля атрымання названым мясцовым выканаўчым і распарадчым органам узгаднення рэкламы з адпаведным упраўленнем Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў абласнога выканаўчага камітэта, на тэрыторыі якога зарэгістраваны гэты транспартны сродак. Такія ўзгадненні ажыццяўляюцца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Размяшчэнне (распаўсюджванне) на аўтамабілі, трамваі, тралейбусе, колавым трактары, аўтацягніку рэкламы аб арганізацыі або індывідуальным прадпрымальніку, якія ажыццяўляюць на гэтым транспартным сродку перавозку пасажыраў і (або) грузаў у адпаведнасці з заканадаўствам, або аб уласніку гэтага транспартнага сродку, таварных знакаў і (або) знакаў абслугоўвання, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння тавараў арганізацыі і (або) індывідуальнага прадпрымальніка, выявы тавараў названых асоб, а таксама інфармацыі аб продажы гэтага транспартнага сродку дапускаецца без узгаднення з органамі, названымі ў пункце 2 гэтага артыкула.

4. Размяшчэнне (распаўсюджванне) на транспартных сродках рэкламы, якая суправаджаецца гукам, за выключэннем размяшчэння (распаўсюджвання) такой рэкламы ўнутры салонаў транспартных сродкаў, не дапускаецца.

Артыкул 15. Рэклама лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі

1. Рэклама лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі дапускаецца толькі пры наяўнасці ў рэкламадаўца ўзгаднення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на рэкламу:

спажыўцамі якой з'яўляюцца выключна медыцынскія або фармацэўтычныя работнікі і якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцах правядзення медыцынскіх або фармацэўтычных выстаў, семінараў, канферэнцый і іншых падобных мерапрыемстваў;

лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, размяшчэнне (распаўсюджванне) якой ажыццяўляецца ў спецыялізаваных друкаваных выданнях, пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь;

работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, якая змяшчае выключна звесткі, указаныя ў ліцэнзіі на медыцынскую дзейнасць, і кантактную інфармацыю.

2. Забараняецца рэклама:

лекавых сродкаў, не зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь у парадку, вызначаным заканадаўствам, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, за выключэннем выпадку, прадугледжанага пунктам 6 гэтага артыкула;

метадаў аказання медыцынскай дапамогі, не дазволеных да прымянення Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у парадку, вызначаным заканадаўствам;

работ і паслуг у галіне аховы здароўя, якія не з'яўляюцца работамі і паслугамі, якія складаюць медыцынскую дзейнасць.

3. Размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы лекавых сродкаў, якія адпускаюцца толькі па рэцэпце ўрача, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, выкарыстанне якіх патрабуе спецыяльных ведаў, дапускаецца толькі ў спецыялізаваных друкаваных выданнях, названых у абзацы трэцім пункта 1 гэтага артыкула, а таксама ў месцах правядзення медыцынскіх або фармацэўтычных выстаў, семінараў, канферэнцый і іншых падобных мерапрыемстваў.

4. Рэклама лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі павінна змяшчаць указанне на тое, што гэтая інфармацыя мае рэкламны характар.

5. Рэклама лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі павінна змяшчаць:

найменне лекавага сродку, вырабу медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі;

інфармацыю аб тым, што аб'ект рэкламавання з'яўляецца лекавым сродкам, вырабам медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікай;

назву вырабляльніка (вытворцы) лекавага сродку, вырабу медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі;

рэкамендацыю аб неабходнасці азнаямлення з інструкцыяй па медыцынскім прымяненні і (або) кансультацыі з урачом (для рэкламы лекавага сродку, вырабу медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі). Гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на рэкламу, спажыўцамі якой з'яўляюцца выключна медыцынскія або фармацэўтычныя работнікі і якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцах правядзення медыцынскіх або фармацэўтычных выстаў, семінараў, канферэнцый і іншых падобных мерапрыемстваў або ў спецыялізаваных друкаваных выданнях, пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Інфармацыя аб тым, што аб'ект рэкламавання з'яўляецца лекавым сродкам, вырабам медыцынскага прызначэння або медыцынскай тэхнікай, а таксама рэкамендацыя аб неабходнасці азнаямлення з інструкцыяй па медыцынскім прымяненні і (або) кансультацыі з урачом на радыё павінны агучвацца, на тэлебачанні ім павінна быць адведзена не менш за пяць секундаў і сем працэнтаў плошчы кадра, а пры размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы іншымі спосабамі — не менш за пяць працэнтаў плошчы рэкламы.

6. Рэклама лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, якая ажыццяўляецца ў рамках клінічных выпрабаванняў гэтых лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, якія праводзяцца ў мэтах іх наступнай дзяржаўнай рэгістрацыі, дапускаецца ў парадку, які вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

7. Рэклама лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі не павінна змяшчаць:

сцвярджэння аб лячэбным (тэрапеўтычным) эфекце лекавага сродку ў дачыненні да захворванняў, якія не паддаюцца альбо цяжка паддаюцца лячэнню;

інфармацыі, звернутай непасрэдна да непаўналетніх;

інфармацыі аб паказаннях, спосабах прымянення, лячэбным (тэрапеўтычным) эфекце аб'екта рэкламавання, якая не адпавядае інфармацыі, што змяшчаецца ў інструкцыі па яго медыцынскім прымяненні;

сцвярджэння аб тым, што лячэбны (тэрапеўтычны) эфект ад прымянення аб'екта рэкламавання з'яўляецца абсалютна гарантаваным;

інфармацыі аб тым, што лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынская тэхніка прайшлі даклінічныя даследаванні і клінічныя выпрабаванні;

спасылкі на канкрэтныя выпадкі вылячэння пасля прымянення аб'екта рэкламавання, выказвання падзякі за гэта;

інфармацыі, якая стварае ўражанне аб адсутнасці неабходнасці звароту да ўрача ў выпадку прымянення аб'екта рэкламавання і (ці) аб магчымасці атрымання паслуг па дыягностыцы захворванняў і рэкамендацый па іх лячэнні без непасрэднага кантакту з урачом;

сцвярджэння або дапушчэння аб наяўнасці ў спажыўцоў рэкламы тых або іншых станаў, якія патрабуюць прымянення аб'екта рэкламавання, альбо сцвярджэння, якое выклікае ў здаровага чалавека ўражанне аб неабходнасці прымянення аб'екта рэкламавання;

указання на магчымасць выкарыстання любых формаў матэрыяльнага заахвочвання ў выпадку набыцця аб'екта рэкламавання ў рэкламе лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі;

рэкамендацый дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах узмацнення рэкламнага эфекту.

8. Іншыя патрабаванні да рэкламы лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь.".

12. Дапоўніць Закон артыкулам
15 1 наступнага зместу:

"Артыкул 15 1. Рэклама біялагічна актыўных дабавак да ежы

1. Рэклама біялагічна актыўных дабавак да ежы дапускаецца толькі пры наяўнасці ў рэкламадаўцы ўзгаднення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

2. Рэклама біялагічна актыўных дабавак да ежы павінна змяшчаць:

указанне на тое, што гэтая інфармацыя носіць рэкламны характар;

найменне біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы;

найменне вытворцы біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы;

інфармацыю аб тым, што аб'ект рэкламавання з'яўляецца біялагічна актыўнай дабаўкай да ежы, не з'яўляецца лекавым сродкам, не прызначаны для лячэння захворванняў;

інфармацыю аб неабходнасці азнаямлення з рэкамендацыямі па прымяненні біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы.

Інфармацыя аб тым, што аб'ект рэкламавання з'яўляецца біялагічна актыўнай дабаўкай да ежы, а таксама аб неабходнасці азнаямлення з рэкамендацыямі па прымяненні біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы на радыё павінна агучвацца, на тэлебачанні ёй павінна быць адведзена не менш як пяць секундаў і сем працэнтаў плошчы кадра, а пры размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы іншымі спосабамі — не менш як пяць працэнтаў плошчы рэкламы.

3. Забараняецца рэклама біялагічна актыўных дабавак да ежы, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю.

4. Рэклама біялагічна актыўных дабавак да ежы не павінна змяшчаць:

інфармацыі, звернутай непасрэдна да непаўналетніх;

сцвярджэння або дапушчэння наяўнасці ў спажыўцоў рэкламы тых або іншых станаў, якія патрабуюць прымянення аб'екта рэкламавання, альбо сцвярджэння, якое выклікае ў здаровага чалавека ўражанне аб неабходнасці прымянення аб'екта рэкламавання;

указання на магчымасць атрымання любых формаў матэрыяльнага заахвочвання ў выпадку набыцця аб'екта рэкламавання;

звестак, якія не адпавядаюць інфармацыі, што змяшчаецца на спажывецкай этыкетцы біялагічна актыўнай дабаўкі да ежы.

5. Іншыя патрабаванні да рэкламы біялагічна актыўных дабавак да ежы вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь.".

13. Артыкул 16 выключыць.

14. У артыкуле 17:

у пункце 1:

у абзацы трэцім словы "арганізацый сістэмы" замяніць словам "устаноў";

абзац дзясяты дапоўніць словамі "і на сайтах іх вытворцаў у сетцы інтэрнэт";

з абзаца адзінаццатага слова "зарэгістраваных" выключыць;

пункт 6 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"6. Рэклама алкагольных напояў павінна змяшчаць папераджальны надпіс аб шкодзе іх празмернага ўжывання, які павінен займаць не менш як дзесяць працэнтаў плошчы рэкламы і ў мультымедыйнай рэкламе размяшчацца (распаўсюджвацца) на працягу ўсяго часу рэкламы.

Патрабаванне аб указанні папераджальнага надпісу не распаўсюджваецца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцах вытворчасці алкагольных напояў, а таксама на выставачным абсталяванні ў месцах правядзення спецыялізаваных выставак гэтых напояў.".

15. У артыкуле 18:

у пункце 1:

у частцы першай:

у абзацы другім лічбы "20.00" замяніць лічбамі "22.00";

у абзацы трэцім словы "арганізацый сістэмы" замяніць словам "устаноў";

у частцы другой:

словы "дзявятага" і "арганізацый сістэмы" замяніць адпаведна словамі "восьмага" і "устаноў";

слова "зарэгістраваных" выключыць;

дапоўніць артыкул пунктам 2 1 наступнага зместу:

"2 1. Рэклама піва і слабаалкагольных напояў павінна змяшчаць папераджальны надпіс аб шкодзе іх празмернага ўжывання, які павінен займаць не менш як дзесяць працэнтаў плошчы рэкламы і ў рэкламе на тэлебачанні і мультымедыйнай рэкламе размяшчацца (распаўсюджвацца) на працягу ўсяго часу рэкламы, а ў рэкламе на радыё — агучвацца.

Патрабаванне аб указанні папераджальнага надпісу не распаўсюджваецца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у месцах вытворчасці піва і слабаалкагольных напояў, на выставачным абсталяванні ў месцах правядзення спецыялізаваных выставак гэтых напояў, а таксама на рэкламу, якая змяшчае выключна інфармацыю аб вытворцах піва, у тым ліку іх найменні (фірменным найменні), і таварных знаках, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння піва.".

16. Пункт 1 артыкула 19 дапоўніць словамі ", а таксама ў сродках масавай інфармацыі, якія выдаюцца арганізацыямі, заснаванымі Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і (або) Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Рэспублікі Беларусь".

17. У артыкуле 20:

у назве артыкула словы "Рэспублікі Беларусь за мяжой" замяніць словамі "за межамі Рэспублікі Беларусь";

у пунктах 1 і 2 словы "грамадзян Рэспублікі Беларусь за мяжой" замяніць словамі "за межамі Рэспублікі Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь,".

18. Дапоўніць Закон артыкулам
20 1 наступнага зместу:

"Артыкул 20 1. Выпуск рэкламных матэрыялаў, звязаных са спецыфічнымі таварамі (работамі, паслугамі)

Выпуск юрыдычнай асобай Рэспублікі Беларусь, якая мае ліцэнзію на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з крыптаграфічнай абаронай інфармацыі і са сродкамі сакрэтнага атрымання інфармацыі, рэкламных матэрыялаў, звязаных з гэтым ліцэнзаваным відам дзейнасці, падлягае ўзгадненню з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.".

19. З пункта 1 артыкула 21 другі сказ выключыць.

20. Артыкул 21 1 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 21 1. Рэклама культурна-відовішчных мерапрыемстваў

У рэкламе культурна-відовішчнага мерапрыемства павінны быць названы звесткі аб арганізатары культурна-відовішчнага мерапрыемства (найменне і месца знаходжання юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь, імя індывідуальнага прадпрымальніка, зарэгістраванага ў Рэспубліцы Беларусь), яго кантактныя тэлефоны, інфармацыя аб спецыфіцы культурна-відовішчнага мерапрыемства, якое праводзіцца (наяўнасць або адсутнасць фанаграмы).".

21. Пункт 3 артыкула 22 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"3. Рэклама аб прыцягненні банкамі і небанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі грашовых сродкаў, каштоўных металаў і (або) каштоўных камянёў ва ўклад (дэпазіт) павінна змяшчаць памер працэнтаў па ўкладзе (дэпазіце). Калі працэнтная стаўка па ўкладзе (дэпазіце) можа быць зменшана ўкладаатрымальнікам у аднабаковым парадку ў адпаведнасці з дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазіту), рэклама павінна змяшчаць інфармацыю аб магчымасці такога змяншэння. Такая інфармацыя ў рэкламе на радыё павінна агучвацца, на тэлебачанні ёй павінна быць адведзена не менш як пяць секундаў і сем працэнтаў плошчы кадра, а пры размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы іншымі спосабамі — не менш як пяць працэнтаў плошчы рэкламы.".

22. Артыкул 23 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 23. Рэкламныя гульні і рэклама латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных і забаўляльных мерапрыемстваў, закладу, ігральных устаноў

1. Парадак правядзення рэкламных гульняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

2. Рэклама латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных і забаўляльных мерапрыемстваў, закладу павінна змяшчаць нумары тэлефонаў, даменнае імя сайта або нумар і дату выпуску друкаванага сродку масавай інфармацыі, які змяшчае інфармацыю аб гэтых латарэях, гульнях, іншых гульнявых, рэкламных і забаўляльных мерапрыемствах, закладзе, а таксама інфармацыю аб тэрмінах розыгрышу прызавога фонду латарэі, выйгрышнага фонду электроннай інтэрактыўнай гульні, найменні і тэрмінах правядзення рэкламнай гульні, тэрмінах правядзення іншых гульнявых, рэкламных і забаўляльных мерапрыемстваў, закладу, калі названымі мерапрыемствамі прадугледжаны такія тэрміны.

Рэклама латарэй, гульняў, у тым ліку рэкламных і азартных гульняў, закладу не павінна:

ствараць уражанне, што атрыманне выйгрышаў гарантавана кожнаму ўдзельніку гэтых мерапрыемстваў;

ствараць уражанне, што ўдзел у азартных гульнях, закладзе з'яўляецца спосабам заробку або атрымання іншага даходу альбо іншым спосабам атрымання сродкаў да існавання;

змяшчаць сцвярджэння, што ўдзел у азартных гульнях, закладзе мае важнае значэнне для дасягнення грамадскага прызнання, прафесійнага, спартыўнага або асабістага поспеху;

выкарыстоўваць вобразы непаўналетніх;

змяшчаць выказванні, якія перабольшваюць верагоднасць атрымання выйгрышу або змяншаюць ступень рызыкі;

асуджаць няўдзел у латарэях, гульнях, у тым ліку рэкламных і азартных гульнях, закладзе.

Рэклама латарэі, электроннай інтэрактыўнай гульні або рэкламнай гульні, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінна змяшчаць нумар пасведчання аб рэгістрацыі латарэі, электроннай інтэрактыўнай гульні або пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі рэкламнай гульні, дату рэгістрацыі латарэі, электроннай інтэрактыўнай гульні ў дзяржаўных рэестрах латарэй, электронных інтэрактыўных гульняў або дату прыняцця рашэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі рэкламнай гульні, а таксама найменне органа, які выдаў адпаведнае пасведчанне, за выключэннем рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) на радыё, сродку вонкавай рэкламы, транспартным сродку, пры дапамозе сотавай рухомай электрасувязі аператарамі электрасувязі, а таксама рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) ў сетцы інтэрнэт і змяшчае спасылку на сайт, на якім размешчаны названыя ў гэтым пункце звесткі.

Забараняецца размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы ігральных устаноў і азартных гульняў:

на тэлебачанні і радыё з 7.00 да 22.00;

у будынках (памяшканнях, пабудовах) устаноў адукацыі, арганізацый аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры, спорту (за выключэннем размешчаных на іх тэрыторыі памяшканняў букмекерскіх кантор і таталізатараў);

у выданнях, сродках масавай інфармацыі, прызначаных для грамадзян ва ўзросце да 18 гадоў альбо якія спецыялізуюцца на пытаннях экалогіі, адукацыі, аховы здароўя;

на цацках.

Арганізацыя і правядзенне конкурсаў, латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных мерапрыемстваў, закладу ў мэтах стымулявання рэалізацыі паслуг ігральных устаноў і азартных гульняў забараняюцца.".

23. У артыкуле 24:

у пункце 1:

дапоўніць пункт другім сказам наступнага зместу: "Арганізацыі і грамадзяне маюць права аказваць садзейнічанне дзяржаўным органам у вытворчасці сацыяльнай рэкламы ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, і звяртацца ў дзяржаўныя органы з ініцыятывай аб вытворчасці і (або) размяшчэнні (распаўсюджванні) сацыяльнай рэкламы.";

дапоўніць пункт часткай другой наступнага зместу:

"Размяшчэнне (распаўсюджванне) неналежнай сацыяльнай рэкламы, а таксама сацыяльнай рэкламы, якасць якой прызнана Міжведамаснай радай па рэкламе неналежнай, не дапускаецца.";

у пункце 2:

у частцы першай словы "рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі" замяніць словамі "юрыдычныя асобы, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі,";

у частцы другой слова "рэдакцыямі" замяніць словамі "юрыдычнымі асобамі, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый";

пункт 3 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"3. Парадак вытворчасці і размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы, уключаючы парадак удзелу Міжведамаснай рады па рэкламе ў ацэнцы якасці сацыяльнай рэкламы, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.";

дапоўніць артыкул пунктам 4 наступнага зместу:

"4. У сацыяльнай рэкламе дапускаецца згадванне аб арганізацыях і (або) індывідуальных прадпрымальніках, якія аказалі бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу на правядзенне рэкламаванага мерапрыемства ў сферы культуры, фізічнай культуры і спорту, у лік арганізатараў якога ўваходзяць дзяржаўныя органы. Агульная працягласць такога згадвання на радыё не павінна перавышаць трох секундаў, на тэлебачанні і ў мультымедыйнай рэкламе — трох секундаў, і яму павінна быць адведзена не больш як сем працэнтаў плошчы кадра, а пры размяшчэнні (распаўсюджванні) сацыяльнай рэкламы іншымі спосабамі — не больш як пяць працэнтаў плошчы рэкламы.

Такое згадванне на тэлебачанні павінна быць выканана ў выглядзе бягучага радка або метадам накладання і змяшчаць выключна найменне або імя спонсара.

Сацыяльная рэклама мерапрыемства ў сферы культуры, фізічнай культуры і спорту, у лік арганізатараў якога ўваходзіць мясцовы выканаўчы і распарадчы орган і не ўваходзяць іншыя дзяржаўныя органы, якая змяшчае згадванне, памянёнае ў частцы першай гэтага пункта, пры яе размяшчэнні ў сродках масавай інфармацыі можа размяшчацца (распаўсюджвацца) толькі ў мясцовых сродках масавай інфармацыі, за выключэннем мерапрыемстваў, якія праводзяцца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь альбо з яго згоды.".

24. У пункце 3 артыкула 26:

абзацы сёмы і восьмы выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"змяшчае негатыўную ацэнку аб'екта рэкламавання;

змяшчае параўнанне рэкламаванага тавару з таварам іншай арганізацыі або іншага грамадзяніна, рэкламаванай арганізацыі з іншай арганізацыяй, рэкламаваных вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці з іншымі вынікамі інтэлектуальнай дзейнасці, рэкламаваных конкурсаў, латарэй, гульняў, іншых гульнявых, рэкламных і іншых мерапрыемстваў, закладу з іншымі конкурсамі, латарэямі, гульнямі, іншымі гульнявымі, рэкламнымі і іншымі мерапрыемствамі, закладамі;";

дапоўніць пункт абзацам дзясятым наступнага зместу:

"змяшчае словы "падарунак", "бясплатна", "0 (нуль) рублёў" або іншыя словы, якія ствараюць уражанне аб аказанні паслугі (выкананні работы) на бязвыплатнай аснове, калі аказанне такой паслугі (выкананне такой работы) прадугледжвае яе аплату.".

25. У артыкуле 27:

у пункце 1:

словы ", за выключэннем рэкламы, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у сетцы інтэрнэт," выключыць;

дапоўніць пункт часткай чацвёртай наступнага зместу:

"Патрабаванні частак першай — трэцяй гэтага пункта не распаўсюджваюцца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у сетцы інтэрнэт і змяшчае інфармацыю аб найменні і месцы знаходжання рэкламадаўцы альбо спасылку на сайт, на якім размешчана такая інфармацыя.";

пункт 2 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"2. Калі ў рэкламе змяшчаецца інфармацыя аб дзейнасці, звязанай з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі, якая падлягае ліцэнзаванню ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, рэкламараспаўсюджвальнік — юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абавязаны патрабаваць, а рэкламадавец абавязаны прадаставіць копію ліцэнзіі на дзейнасць, звязаную з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі, з прад'яўленнем яе арыгінала.";

у пункце 3:

словы "адпаведнага дзяржаўнага органа" выключыць;

дапоўніць пункт другім сказам наступнага зместу:

"Гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на рэкламу, якая размяшчаецца (распаўсюджваецца) у сетцы інтэрнэт і змяшчае інфармацыю аб найменні і месцы знаходжання рэкламадаўца альбо спасылку на сайт, на якім размешчана інфармацыя аб дазволе (узгадненні) такой рэкламы (дата ўзгаднення і найменне органа, які ажыццявіў узгадненне).".

26. Дапоўніць Закон артыкулам
29 1 наступнага зместу:

"Артыкул 29 1. Дагавор аб размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы

Да адносін бакоў па дагаворы аб размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы, за выключэннем адносін бакоў па дагаворы, які прадугледжвае размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы на бязвыплатнай аснове, прымяняюцца правілы аб дагаворы платнага аказання паслуг, калі іншае не прадугледжана пагадненнем бакоў.".

27. Артыкул 30 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

"Артыкул 30. Вынясенне прадпісання аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе

1. У выпадку размяшчэння (распаўсюджвання) неналежнай рэкламы Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь або мясцовы выканаўчы і распарадчы орган маюць права вынесці прадпісанне аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе.

2. Арганізацыя або грамадзянін, якім вынесена прадпісанне аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе, абавязаны на працягу трох працоўных дзён з дня яго атрымання ліквідаваць выяўленае парушэнне, калі больш доўгі тэрмін не прадугледжаны ў прадпісанні.

У адсутнасць парушальніка або пры невыкананні ім названага ў прадпісанні аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе патрабавання размяшчэнне (распаўсюджванне) неналежнай рэкламы спыняецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, які мае права пакрыць панесеныя выдаткі за кошт парушальніка.

3. Прадпісанне аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе можа змяшчаць патрабаванне аб размяшчэнні (распаўсюджванні) контррэкламы.

Контррэклама размяшчаецца (распаўсюджваецца) парушальнікам за свой кошт у тэрмін, вызначаны ў прадпісанні аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе, тым жа спосабам, з выкарыстаннем тых жа характарыстак працягласці, месца і парадку размяшчэння (распаўсюджвання), што і неналежная рэклама, і павінна змяшчаць слова "контррэклама", якое павінна займаць не менш як дзесяць працэнтаў плошчы контррэкламы. Слова "контррэклама" ў контррэкламе на тэлебачанні і мультымедыйнай контррэкламе павінна размяшчацца (распаўсюджвацца) на працягу ўсяго часу контррэкламы, а ў контррэкламе на радыё — агучвацца.

Тэрмін для ажыццяўлення контррэкламы вызначаецца з улікам тэхнічнай магчымасці яе вытворчасці і размяшчэння (распаўсюджвання), у тым ліку з улікам перыядычнасці выхаду ў свет (эфір) сродку масавай інфармацыі.

Змест контррэкламы ўзгадняецца з Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь або мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якія вынеслі прадпісанне аб размяшчэнні (распаўсюджванні) контррэкламы.

4. Прадпісанні Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе з'яўляюцца абавязковымі для ўсіх арганізацый і грамадзян. Прадпісанні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе з'яўляюцца абавязковымі для арганізацый і грамадзян, якія размяшчаюць (распаўсюджваюць) неналежную рэкламу на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

5. Арганізацыя або грамадзянін, якім вынесена прадпісанне аб устараненні выяўленага парушэння заканадаўства аб рэкламе, маюць права абскардзіць прадпісанне ў суд у парадку, вызначаным заканадаўствам.".

Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

у шасцімесячны тэрмін прывесці рашэнні ўрада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам і забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі ўраду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

на працягу года забяспечыць распрацоўку і зацвярджэнне тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія вызначаюць абавязковыя для выканання патрабаванні аб параметрах суадносін эквівалентнага ўзроўню гуку рэкламы, паведамлення аб яе наступнай трансляцыі і эквівалентнага ўзроўню гуку трансляванай праграмы, якая перарываецца рэкламай, а таксама аб метадах вымярэння эквівалентнага ўзроўню гуку рэкламы і эквівалентнага ўзроўню гуку трансляванай праграмы, якая перарываецца рэкламай.

Артыкул 4. Гэты Закон уваходзіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 3, якія ўваходзяць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона, а таксама абзацаў восьмага і дзявятага пункта 8 артыкула 2, якія ўваходзяць у сілу праз год пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка

3 студзеня 2013 года, г. Мінск.

№ 15—З
Звязда, 22 студзеня 2013
Кoличество переходов на страницу: 2262


Комментарии