https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Мінскі стэйк-бар «Містраль» правёў вечарыну «Беларусам быць модна» і перадаў эстафэту барам «Графіці» і «ДК»


Як адзначыў адзін з арганізатараў, вечарыне больш адпавядала б назва «Беларусам быць годна».
У кавярні «Містраль», якая знаходзіцца ў цэнтры Менску на скрыжаваньні Валадарскага і Карла Маркса, адбылася вечарына «Беларусам быць модна», арганізаваная грамадзкімі актывістамі пры падтрымцы Арт Сядзібы.

Гэта своеасаблівы адказ начным клюбам «Dozari» i «Blackhall Bar», якія раней праводзілі беларускія тэматычныя вечарыны.

Кавярня «Містраль» прынцыпова трымаецца беларускай мовы.

Мэню ў кавярні — аздоблена па-беларуску і тарашкевіцай. Вялікі выбар беларускіх традыцыйных страваў. Нядаўна кавярня далучылася да акцыі моўных курсаў і прапануе ўласьнікам студэнцкіх білетаў «Мова Нанова» зьніжкі да 20%. Гэтаксама зьніжкі прапаноўваліся ўсім, хто прыйдзе на сьвята ў вышыванках.

Пачалася вечарына з чытаньняў вершаў і прозы маладымі літаратарамі. Выступілі Даша Бялькевіч, Алесь Сьнег, Кася Глухоўская, Вераніка Міхалёва. 

У другой частцы бармэны кавярні частавалі ўсіх гасьцей крамбамбуляй, зваранай па старажытным рэцэпце. Моладзь развучыла сярэднявечны беларускі тост і вітала адно аднаго па-беларуску.

Пасьля адбыўся імправізаваны канцэрт гурту Hurma. А на завяршэньне — прагляд каляднага фільму «Адзін дома» ў беларускім дубляжы.

Цягам усяго мерапрыемства дзейнічаў сьвяточны кірмаш, дзе можна было набыць беларускія дыскі з музыкай і фільмамі, сувэнірную прадукцыю, вышымайкі, саколкі зь беларускімі прынтамі і кнігі. Частку прадукцыі разыгралі сярод наведнікаў.

Як адзначыла дырэктарка кавярні Ала Шчарбакова, падтрымаць папулярызацыю беларускай культуры для яе справа гонару. Паводле яе словаў, такія мерапрыемствы будуць адбывацца надалей.

Адзін з актывістаў Арт Сядзібы і суарганізатар вечарыны «Беларусам быць модна» Алесь Сьнег распавёў:

«Мы хацелі назваць вечарыну «Беларусам быць годна. Але мы ўзялі слова «модна», каб гэта перагукалася з той эстафэтай, якую распачалі начныя клюбы. Хочам, каб гэтую эстафэту перанялі іншыя кавярні і клюбы».

Паводле Алеся Сьнега, арганізатары вечарыны вырашылі перадаць эстафэту паб-бару «Графіці» і маладому бару «ДК»:

«Мы перадаем эстафэту тэматычных вечарынаў „Беларусам быць модна“ іншым кавярням і барам краіны. Падхоплівайце, самаарганізуйцеся! У сваю чаргу мы абралі два месцы, якім перадаем эстафэту: легендарны паб-бар „Графіці“ і малады бар „ДК“. Сябры, у Вас ёсьць тры месяцы, каб арганізаваць вечарыну і перадаць эстафэту іншым».

Радыё Свабода
8 сьнежня 2014, Менск 
 
Дата публикации:08.12.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1560
 
Ключевые слова:
„Беларусам быць модна“ Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме