https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Крыніца


Вада ў крыніцы заўсёды святая...

Крыніцы заўсёды былі надзелены асаблівай святасцю, да іх ставіліся з павагай, ушаноўвалі. Цуд раптоўнага з'яўлення крыніцы звязвалі з нябеснымі боствамі і хрысціянскімі святымі.

На месцы з'яўлення шматлікіх абразоў Божай Маці і сёння б'юць крыніцы з гаючай вадой. Калі людзі знаходзілі такую крыніцу, то абавязкова ачышчалі яе ад пяску і ламачча, ставілі невялікі зруб, а побач узводзілі капліцу з абразамі Божай Маці і святой Параскевы-Пятніцы. Шматлікія гістарычныя запісы сведчаць пра тое, што побач са святымі крыніцамі праводзіліся масавыя набажэнствы, выконваліся абрады выклікання дажджу. Да іх прыходзілі пакланіцца, прынесці святочную ахвяру, а часам і паваражыць, каб зазірнуць у далёкую будучыню.

* І ў святы, і ў будныя дні да крыніц прыходзілі, каб перасцерагчы сябе ад хвароб або атрымаць пазбаўленне ад цяжкіх немачаў. Крынічнай вадой аблівалі адзін аднаго, купалі дзяцей, бралі ваду з сабой, каб прыкладаць да хворых месцаў, каб выконваць розныя абрадавыя і магічныя дзеянні.

* Да гаючых крыніц хадзілі да ўзыходу сонца, "пакуль птушка не праляцела". Існавала павер'е, што "некранутая" вада валодае большай выратавальнай сілай. Звычай вымагаў ісці да крыніцы і вяртацца дадому моўчкі, ні з кім не размаўляючы і не вітаючыся.

У некаторых выпадках лічылі, што да крыніцы неабходна ісці максімальна аголеным і босым. Асабліва цудадзейнымі ў народзе лічыліся месцы, дзе сыходзілася вада з дзвюх-трох крыніц.

* Народныя лекары лічылі, што найбольш эфектыўнымі будуць тыя рытуальныя дзеянні, якія выкананы непасрэдна каля крыніцы, прычым употай і ў начны час.

* На Беларусі паўсюдна лічылася, што асаблівая лекавая моц крыніц раскрывалася пасля першых вясенне-летніх грымотаў: "маланкі разганяюць усю нячыстую сілу пасля зімы, а значыць, ачышчаюць і крыніцы". Акрамя гэтага, наведванне гаючых крыніц прымяркоўвалі: у зімовы час — да святкавання Раства Хрыстовага, Новага года, Вадохрышча; у летні — да дня святога Георгія (6 мая), да апошніх дзён Пакутнага тыдня, Вялікадня, Ушэсця, Тройцы, да Русальнага тыдня, да Іванава дня, асабліва на Дзявятнік і Дзявятухну (чацвер і пятніца на дзявятым паслявелікодным тыдні) і Дзясятнік і Дзясятухну (чацвер і пятніца на дзясятым паслявелікодным тыдні).

* Існавала абавязковае правіла: набіраць ваду неабходна было толькі па ходу яе плыні, адліваць "лішнюю" ваду назад у крыніцу катэгарычна забаранялася (ваду дазвалялася выліць побач, на зямлю).

* У штодзённым жыцці пазбягалі наведваць крыніцы пасля захаду сонца. Народны этыкет забараняў праць бялізну ў крынічнай вадзе, купацца ў ёй парадзіхам, "нячыстым жанчынам", кідаць у іх смецце і г. д. Нездарма казалі: "Плюнуць у ваду — што маці ў вочы".

* Нашы продкі былі перакананы: каб крынічная вада дапамагала і ніколі не знікала, ёй неабходна абавязкова прыносіць ахвяры, напрыклад, кінуць манету. Каля крыніц ставілі крыжы з іконамі, і тыя, хто прыходзіў да крыніцы, павязвалі на іх ручнікі, хусткі, паясы, рознакаляровыя стужкі. Гэтая традыцыя жыве на Беларусі і сёння.

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда



 

Кoличество переходов на страницу: 997


Комментарии