https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Серада


Серада — сярэдні дзень тыдня, які нясе ў сабе жаночы пачатак па сваім родавым вызначэнні, у парадкавай нумарацыі мае лік тры, які здавён з'яўляўся сімвалам мужчынскага пачатку. Акрамя гэтага, "сіла "трох" універсальная — як неба, зямля і вада; цела, душа і дух; нараджэнне, жыццё і смерць; мінулае, сучаснасць і будучыня. Такая супярэчлівасць і стала падмуркам сучаснага стаўлення да гэтага дня з боку ўсходнеславянскіх народаў.

У славян-хрысціян серада лічылася нешчаслівым днём, посным, таму што менавіта ў гэты дзень Іуда Іскарыёт здрадзіў свайму настаўніку Ісусу Хрысту. Адсюль узнікла маральна-этычная рэгламентацыя: "Хто ў сераду мяса не есць, таму Бог менш выпрабаванняў дасылае". Старыя людзі былі перакананыя: калі прытрымлівацца гэтага правіла, то жыццёвы і паслясмяротны шлях чалавека будзе больш лёгкім. У вернікаў поснай з'яўляецца не толькі серада, але і пятніца, калі Хрыста ўкрыжавалі. Адсюль і народныя выслоўі: "Чаго глядзіш, як серада на пятніцу".

У сістэме ўяўленняў аб парадкаванні часу серада выконвала ролю "скрыжавання дарог". З аднаго боку, яна несла адбітак сваіх папярэднікаў, а з другога — паварочвала тыдзень да дня адпачынку. Адным словам, "у сераду нарадзіўся, да ўсяго прыгадзіўся".

У сераду на працягу года выконваліся абрадавыя дзеянні,
зарыентаваныя на перасцярогу ад маланкі і граду, таму пярэдадзень дня Перуна (чацвярга) атрымаў назву Градавая серада (Градабой, Градабойная, Градовая, Градоўніцы, Градовы дзень).

Калі серада прыпадала на малады месяц, то гэты час лічыўся спрыяльным для пачатку будаўніцтва печы. У сераду сеялі гарбузы; восенню закладвалі капусту. Серада была спрыяльнай для таго, каб здымаць цяжкія сурокі, радавыя праклёны, лячыць родавую гарачку.

Разам з тым шматгадовыя назіранні нашага народа паказваюць: "Хто родзіцца ў посны дзень, у сераду або пятніцу, той будзе скупы". Парасяты, якія нарадзіліся ў сераду, звычайна не выжываюць; не саджалі агуркі ў сераду і пятніцу, не пачыналі сеяць збожжа: "зямля яго не прыме, не праросціць". Нездарма казалі: "На памежжы — ужо не маё і яшчэ не тваё".

Аксана Катовіч, Янка Крук.
Звязда


 

Кoличество переходов на страницу: 1787


Комментарии