https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Калодзеж і крыніца


Калодзеж і крыніца: паміж вадой нябеснай і падземнай

Калі акно і парог былі фактычна зонамі пастаяннай прысутнасці продкаў у жыллёвай прасторы жывых, то аб'екты, якія мелі форму лаза або нары — комін, калодзеж — найперш выступалі прамымі кантакцёрамі падчас абрадаў, непасрэдна скіраваных на выкліканне душ памерлых.

* У абрадах выклікання дажджу важнае месца займалі калодзеж і крыніца. Фактычна яны станавіліся своеасаблівым цэнтрам Сусвету, вакол якога выконваліся розныя абрадавыя дзеянні.

* "Апладняльная" вада можа прыходзіць на зямлю не толькі ў выглядзе дажджу — "слязы нябёсаў", але і выходзіць на паверхню з-пад зямлі, як падарунак падземных бостваў — "слязы глыбінь". Ва ўсходнеславянскіх павер'ях распавядаецца, што "адразу ж пасля стварэння свету, каб напоўніць зямлю морамі і рэкамі, Бог загадаў ісці дажджам, а птушкам загадаў разносіць ваду ў розныя крыніцы па ўсім свеце". Паводле народных уяўленняў, і не беспадстаўна (часам у крыніцах знаходзяцца каштоўныя рэчывы, мінералы), крынічную ваду лічаць лекавай, цудадзейнай і называюць "гаючай вадкасцю".

* Асаблівая ўвага надавалася пошуку "ваданоснай жылы". Для гэтага выкарыстоўвалі розныя спосабы. У адным выпадку карысталіся дапамогай лазовай рамкі, якую падвешвалі на льняную нітку і павольна хадзілі па тым месцы, дзе прыкладна хацелі капаць калодзеж. У тым месцы, дзе рамка пачынала круціцца ў правы бок, рабілі пазнаку: убівалі бярозавы калок.

* Другі варыянт быў больш старажытным і больш пашыраным на тэрыторыі рассялення беларусаў. Увечары на тым месцы, дзе збіраліся капаць калодзеж, раскладвалі патэльні. Калі раніцай, пры ўзыходзе сонца, патэльня пакрывалася вадзянымі струменьчыкамі, гэта азначала, што калодзеж на гэтым месцы будзе доўга паіць вадой усё сямейства; мала на патэльні "поту зямнога" — мала і вады будзе ў калодзежы; сухая патэльня — вады не будзе. Таксама спрыяльнымі для будаўніцтва калодзежа лічыліся тыя месцы, дзе расце бузіна і шчаўе.

Адзін калодзеж і тры ўдавы

Нашы продкі былі перакананы ў тым, што вада — рака, крыніца, калодзеж — у падземным свеце выходзіць з адной крыніцы. Таму цэнтральнымі аб'ектамі абрадаў, калі неабходна было выклікаць доўгачаканы дождж, станавіліся менавіта яны і варыянтаў уключэння іх у структуру рытуальна-абрадавага комплексу было даволі шмат.

* Каб выклікаць доўгачаканы дождж, спачатку ішлі і наводзілі парадак каля тых крыніц, якія былі завалены ламаччам, затым разам са святаром, з харугвамі абыходзілі ўсе вядомыя ў гэтай мясцовасці крыніцы і спраўлялі малебен, адрасаваны святым Гурыю, Авілу і Самвонію. Пасля асвячэння крыніц людзі абліваліся вадой.

* У шматлікіх мясцінах беларуска-ўкраінскага Палесся існаваў звычай своеасаблівага вылучэння калодзежа або крыніцы ў ізаляваную прастору свяшчэннадзейства. З гэтай мэтай вакол калодзежа тройчы выконвалі рытуальны абход, які меў тую ж ахоўна-магічную ролю, што і шэраг абходаў вакол вёскі, жытнёвага поля, статка хатняй жывёлы, вакол хаты ў перадвелікодны тыдзень, вакол могілак на Радаўніцу. Як правіла, для правядзення абраду выбіралі самы стары калодзеж. У магічным дзеянні прымалі ўдзел тры ўдавы. Адна ішла наперадзе і несла абраз, другая — хлеб-соль, трэцяя ішла побач з імі. Усе браліся за рукі, утваралі замкнёнае кола і тройчы па сонцы абходзілі вакол калодзежа.

* Яшчэ адной магічнай акцыяй было выліванне (вычэрпванне) усёй калодзежнай вады і абліванне ёю. Гэтая магічная акцыя мела наўмысна падкрэслены калектыўны (нават агульнавясковы, агульнаабшчынны) характар. У адзін дзень, калі сонца прыпякала асабліва моцна, людзі з усіх крыніц у вёсцы адначасова вылівалі гуртам ваду — тым самым жадалі хутчэй выклікаць "прыцяжэнне" нябеснай вады. Разам з тым існавалі рэгіянальныя адрозненні ў выкананні гэтага абраду.

* Пералік рэчаў, якія ахвяравалі калодзежу, быў даволі значны. Сярод іх — асвячоны на Спаса мак, лушчык (насенне самасейнага льну), асвячонае на Вялікдзень сала, гарох, часнок, асвячоная на Стрэчанне соль.

* Цікавыя варыянты ахвяравання калодзежу або крыніцы запісаны намі ў в. Пералёўка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Для выканання абраду выклікання дажджу адна з жанчын-удоў павінна была ўкрасці ў суседкі гліняны гаршчок і кінуць яго ў калодзеж. Тая вымушана была выбіраць з калодзежа ўсю брудную ваду, пасля чаго абавязкова ішоў дождж.

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда


 

Кoличество переходов на страницу: 1260


Комментарии