https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: Расіяне за 50% "Белтрансгаза" пайшлі на ўсе нашы ўмовы


Аляксандр Лукашэнка лічыць "вельмі выгаднымі" для Беларусі дамоўленасці з Расіяй у газавай сферы і адхіляе абвінавачванні ў "распродажы незалежнасці краіны".

Падчас рабочай паездкі па Брэсцкай вобласці 2 снежня журналісты папрасілі кіраўніка дзяржавы даць сваю ацэнку дамоўленасцям, дасягнутым падчас перамоў у Маскве 25 лістапада.

"Тое, што нам удалося вырашыць, а перамовы ішлі больш за два гады, гэта выгада для беларускага народа", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

"Прадаўшы 50% "Белтрансгаза", Беларусь нічога не страчвае, а наадварот значна набывае, атрымаўшы вялікую скідку па прыродным газе. Гэта эканомія ў год можа скласці 2,5-3 млрд. долараў толькі на прыродным газе. Плюс 2,5 млрд. долараў яны нам пералічылі. Лічыце, у будучым годзе — 5,5 млрд. долараў у цэлым", — сказаў Лукашэнка. "І гэта — тры гады, а потым — прывязка да ўнутрырасійскай цаны. Гэта значыць, мы будзем на роўных канкурыраваць у Расійскай Федэрацыі са сваім таварам. Гэта вялікая падтрымка для нашай эканомікі", — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён заявіў, што расіяне даўно ўгаворвалі ўлады Беларусі прадаць другую частку "Белтрансгаза". "Я ім увесь час казаў: "Мы не супраць прадаць 100% трубы, але ўмовы — каб яна была заўсёды запоўненая і каб была прапампоўка праз Беларусь, — адзначыў Лукашэнка. — Гэта паступленні ў краіну за транзіт, падаткі, а таксама занятасць беларускіх грамадзян".

Паводле яго слоў, Беларусь, маючы 50% "Белтрансгаза" і не прадаючы яго Расіі, мела б цану на прыродны газ, як Германія. "У нас прыродны газ у наступным годзе дасягнуў бы кошту ў 400-420 долараў за 1 тыс. куб. м. А мы дамовіліся, што будзе на мяжы гэты газ па 165 долараў за 1 тыс. куб. м. Гэта значыць практычна напалову ўпала цана. Гэта было наша цвёрдае патрабаванне. Расіяне за 50% "Белтрансгаза" пайшлі на ўсе нашы ўмовы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Акрамя таго, Расія выдзеліла Беларусі крэдыт да 10 млрд. долараў на будаўніцтва атамнай электрастанцыі. А гэта электрычнасць, якую мы сёння вырабляем з прыроднага расійскага газу. Цяпер у нас з'явіцца адзін, другі, а можа потым і трэці, і чацвёрты блок, калі вы захочаце, і мы адыдзем ад гэтай залежнасці, спажыванне прыроднага газу скароцім амаль напалову (калі чатыры блокі будзе). Гэта таксама ўвязана ўсё было пры перамовах", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсліў, што наперадзе вырашэнне яшчэ шэрагу пытанняў, выгадных для Беларусі. "Па нафце таксама цана можа панізіцца, калі мы дамовімся з Расійскай Федэрацыяй", — адзначыў ён.

"Гэтае рашэнне [па "Белтрансгазе"] развязала цэлы вузел праблем ва ўзаемаадносінах з Расійскай Федэрацыяй", — канстатаваў Лукашэнка.

Наконт выказаных абвінавачанняў у "распродажы незалежнасці краіны" Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "ўсё рассудзіць час".

"Яны [апаненты] які аргумент прыводзяць? Маўляў, Лукашэнка пазбавіўся рычага націску на Расію. Вар'яты! Як быццам Лукашэнка выхапіць з зямлі гэтую трубу і пачне, размахваючы, бегаць па Расіі, пагражаць Расіі. Ну, гэта што, разумныя людзі? Я з Расіяй не збіраюся ваяваць. Вось яны прыйдуць — хай паспрабуюць, а мне вайна з Расіяй не патрэбная. Я хачу, каб наша краіна была стабільнай, спакойна развівалася", — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што калі б Беларусь сёлета мела такую цану на прыродны газ і не было б вывазу значнага аб'ёму валюты ў сувязі з набыццём насельніцтвам аўтамабіляў, у краіне не было б фінансавых праблем. "Вы дайце яшчэ гэтыя 5 млрд. у год валюты, і няма ніякіх праблем. Наша эканоміка, грамадства не вытрымалі такой нагрузкі. І што, я павінен быў маліцца на гэту ржавую трубу, якая ў зямлі ляжыць?" — сказаў Лукашэнка. "Ну, вось яны пабудавалі адну трубу "Паўночнага патоку", цяпер другую пабудуюць. Расія — супербагатая краіна, яна можа падарыць нам гэту трубу — задушыся ёю! Але што ты пампаваць будзеш па гэтай трубе? Прыродны газ — гэта нават не нафта. Нафту мы можам з Венесуэлы прывезці, яшчэ аднекуль. Прыродны газ не прывязеш", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у выпадку набыцця звадкаванага газу затраты будуць амаль удвая большымі, чым пры атрыманні яго з Расіі. "Я таксама такі варыянт прапрацоўваў у Катары. Гэта не спантанна нарадзілася рашэнне прадаць 50% "Белтрансгаза". Я па ўсім свеце праехаў і літаральна памацаў сваімі рукамі ўсё, што мы можам набыць", — сказаў прэзідэнт.

"Вы ведаеце, хто енчыць і вые. Вось калі б "Белтрансгаз" купілі Еўрасаюз ці Амерыка, паверце, была б поўная цішыня. І не было б "здрады", не было б "здачы незалежнасці і суверэнітэту", як яны кажуць і енчаць там. Усё гэта — гнілая, дохлая палітыка", — адзначыў Лукашэнка.

"А наогул ёсць добры суддзя — час. Пройдзе час, вы самі ўсё ўбачыце. Я не для таго ў краіне, каб здаваць суверэнітэт і незалежнасць. Я павінен прымаць аптымальныя рашэнні. Ні адзін работнік вытворчасці, ні адзін спецыяліст мяне за гэта не пакрытыкаваў. А наадварот сказаў: малайцы, зрабілі правільна, зрабілі добра", — лічыць прэзідэнт.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 3 снежня 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1107


Комментарии