https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Доларавая інфляцыя ідзе па ўсіх напрамках


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Stаndаrt & Рооr's панізіла крэдытны рэйтынг ЗША на адну ступень. Праз гэта занепакоіліся ўсе эканамісты і эканомікі свету. Ці паўплывае гэта неяк на Беларусь? Можа быць, варта пераводзіць долары ў нейкую іншую валюту? Ці надыходзіць канец вяршэнства ў свеце Злучаных Штатаў? Пра гэта карэспандэнт "Звязды" пагутарыў з дэканам эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесарам Міхаілам Кавалёвым.

— Што зараз адбываецца ў Амерыцы? Як гэта ўвогуле можна растлумачыць: наступствы папярэдняга крызісу 2007-2008 гадоў ці гэта ўжо штосьці новае?

— Праблемы ў ЗША — гэта вынік таго, што на працягу дзесяцігоддзяў Амерыка жыла не па сродках. Амерыка, карыстаючыся статусам краіны, якая эмітуе сусветную рэзервовую валюту, заўсёды друкавала вельмі шмат долараў. За іх амерыканцы куплялі за мяжой тавары. Гэтыя грошы, якія даставаліся іншым краінам, пасля ўсё роўна вярталіся у ЗША праз уклады ў амерыканскія ўрадавыя аблігацыі. Вельмі доўга гэтая мадэль паспяхова функцыянавала. Да крызісу 2008 года. Празмернае захапленне амерыканцаў друкаваннем долараў прывяло да таго, што пачалася інфляцыя спачатку на сусветных фондавых рынках, потым на сыравінных і ў канчатковым выніку ў саміх ЗША. Цэны на асноўныя сыравінныя тавары і золата, як і раней, каціруюцца ў доларах ЗША, але паколькі долараў друкуецца вельмі шмат, увесь свет адчуў цяпер, што значыць эмісія (выпуск у абарачэнне новых грошай, які прыводзіць да павелічэння сусветнай грашовай масы, — аўт.).

Можа, не ўсе памятаюць, што калісьці барэль нафты каштаваў дзесяць долараў. Сёння ён часам зашкальвае за сто долараў. Калі ствараўся Міжнародны валютны фонд, існаваў залаты стандарт: адзін грам золата быў роўны аднаму долару. Сёння гэта ў шмат разоў больш. Давайце падлічым: унцыя золата (каля 31,1 грама) каштавала прыкладна столькі ж долараў, а сёння яна ўжо каштуе больш за 1700 долараў. Але доларавая інфляцыя ідзе не аднолькава па ўсіх таварах. Па харчовых таварах яна ўвесь час імкнецца ўверх, бо свету не хапае харчавання. Па нафце яна то скокне, то апусціцца. І гэта прымушае напружвацца ўвесь свет. Зразумела, што ўскосна ваганне сусветных цэн ўплывае і на Беларусь. Калі цэны на харч растуць, для Беларусі гэта добра. Калі ж растуць цэны на нафту, газ — гэта ўжо дрэнна для Беларусі.

Ёсць яшчэ адна прычына амерыканскіх праблем: з'яўленне другога моцнага полюса ў свеце — Кітая. Па прагнозе МВФ, да 2016 года эканоміка Кітая стане большай за эканоміку ЗША і аб'яднанай Еўропы. Але галоўнае, што, пастаўляючы танныя тавары амерыканцам, кітайцы назапасілі такую колькасць золатавалютных рэзерваў (тры трыльёны долараў), што сёння, калі б яны захацелі, у адно імгненне маглі б абрынуць долар у большай ступені, чым гэта адбылося ў сакавіку з беларускім рублём.

Зразумела, што кітайцы, якія прадбачылі сённяшнюю сітуацыю, патрошкі пазбаўляюцца долараў. Яны купляюць еўра, золата, карысныя выкапні. Яны скупілі практычна ўсе карысныя выкапні ў Паўднёвай Афрыцы, тое-сёе купілі ў Казахстане, імкнуцца штосьці купляць і ў Беларусі. Таксама яны проста інвестуюць, выкарыстоўваюць своп-схемы (абмен нацыянальнымі валютамі. — аўт.), разумеючы, што долар сёння — вельмі ненадзейная валюта.

Таму тое, што Stаndаrt & Рооr's панізіла крэдытны рэйтынг ЗША, заканамерна. Аднак гэты рэйтынг па-ранейшаму застаецца вельмі высокім. Беларусі пра такі можна толькі марыць. Але я думаю, што ён будзе яшчэ ніжэй. Аб гэтым намякнула і Stаndаrt & Рооr's. Яно сказала, што Злучаным Штатам спатрэбяцца дзясяткі гадоў, каб аднавіць той рэйтынг, які быў. Калі б былі насамрэч незалежныя рэйтынгавыя агенцтвы (проста ўсе сусветныя рэйтынгавыя агенцтвы і належаць ЗША), то, мне здаецца, рэйтынг Злучаных Штатаў быў бы сёння яшчэ ніжэйшы. Зніжэнне рэйтынга — гэта наступства таго, што дзяржаўны доўг ЗША ўжо перавысіў ВУП. Калі дзярждоўг перавышае гадавы ВУП, гэта ўжо выпадак Грэцыі, Партугаліі, Іспаніі. Можам параўнаць з Беларуссю: нават з улікам дэвальвацыі гэты доўг дзесьці на ўзроўні паловы ВУП.

— Непасрэдна з ЗША мы не звязаны. Але ж глабалізацыя існуе і на нас гэта ўсё нейкім чынам павінна паўплываць.

— У нас не такія вялікія золатавалютныя рэзервы, і яны дыверсіфікаваныя (дыверсіфікацыя — разгрупаванне капіталу паміж рознымі аб'ектамі ўкладанняў, — аўт.). Большасць сваіх рэзерваў Беларусь трымае ў золаце. Мы назапасілі амаль трыццаць тон золата і на гэтым вельмі выйгралі: куплялі золата, калі яно каштавала меней за 1000 долараў за ўнцыю, а сёння яна каштуе 1700 долараў. І я думаю, што калі б мы рызыкнулі хоць частку золата закласці ці прадаць, то не было б праблем сённяшніх і з дэфіцытам валюты. Але кіраўніцтва краіны вырашыла, бачачы, якая складаная сітуацыя ў сусветных фінансах, трымаць золата.

Тым не менш, я не сказаў бы, што агульная сітуацыя ў свеце не ўплывае на Беларусь. Мы бачым, як яна паўплывала ў 2008 годзе, калі сусветны крызіс распаўсюдзіўся на наш асноўны рынак — расійскі. Расія стала істотна менш купляць імпарту. І таму наш экспарт у 2009 годзе быў амаль на сорак працэнтаў меншы, чым да крызісу. Таму, калі панікі на фондавых рынках перакінуцца на фондавы рынак Расіі, калі Расія пачне зноў менш тавараў купляць за мяжой, то, безумоўна, гэта паўплывае і на Беларусь. Аднак трэба адзначыць, што мы ў апошні час сталі больш дыверсіфікаваць нашы рынкі. Мы зараз прадаём, напрыклад, мінеральныя ўгнаенні і ў Кітай, і ў Індыю, і ў Лацінскую Амерыку, і ў Еўропу. Нават калі крызіс паўторыцца, я думаю, што зараз гэта будзе ў больш мяккай форме, чым было ў 2009-м. Хоць і ёсць нейкія пазіцыі, якія залежаць ад сусветных тэндэнцый: напрыклад, рынак нафтапрадуктаў.

— Што будзе, калі знізяцца цэны на нафту і Расія страціць шмат грошай?

— Я не думаю, што Расія страціць вялікія грошы. Цэны на нафту могуць знізіцца, але не ў значнай ступені. Па меры таго, як Расія будзе адмаўляцца ад прадыктаванай мадэлі і больш будзе браць прыклад з Кітая, яна будзе менш залежаць ад сусветных катаклізмаў. Адзначу, што, калі Расія становіцца бядней, яна з большым задавальненнем купляе танныя беларускія тавары. Таму гэта нам нават у нейкай ступені выгадна. Калі ж Расія багатая, яна ахвотней купляе дарагія еўрапейскія тавары. Таму тут сітуацыя двухсэнсоўная. І я лічу, што калі нават фондавы рынак Расіі ўпадзе, яго глыбіня не будзе такой жа вялікай, як у 2009 годзе. І не думаю, што гэта істотна паўплывае на экспарт беларускіх тавараў.

Некаторыя памыляюцца, думаючы, што наша краіна вельмі залежыць ад цаны на нафту. На самой справе гэта не так, таму што тыя грошы, якія плацім за нафту, мы "адбіваем" на экспарце нафтапрадуктаў. Мы больш адчуваем нафтавыя пошліны і нейкія там выдуманыя Расіяй прэміі за нафту з-за таго, што нашы нафтаперапрацоўчыя заводы больш сучасныя, чым расійскія. Мы з кожнай тоны нафты сёлета плацім Расіі дадаткова сорак пяць долараў, што зусім несправядліва. На жаль, з цаною на нафту звязана і цана на газ, прычым са спазненнем: нафта ўжо можа стаць таннай, а газ яшчэ нейкі час будзе дарагім. Павінна быць аднолькавая цана на газ і для расіян, і для беларусаў з улікам транспарту. Няхай яна нават будзе сусветная, але важна, каб яна была аднолькавая. Інакш, у межах адзінай мытнай прасторы, абараніцца мытнымі пошлінамі мы не можам.

— А чаму амерыканскія дзяржаўныя аблігацыі пакуль па-ранейшаму засталіся "мацнейшымі" за аналагічныя еўрапейскія паперы?

— Штаты спрабуюць запэўніць, што па-ранейшаму казначэйскія аблігацыі ЗША — надзейны інструмент. Для гэтага спадарыня Клінтан бесперапынна лётае ў Кітай і пераконвае кітайцаў. Але найлепшы доказ таго, што гэта не так — дзеянні кітайцаў. З трох трыльёнаў золатавалютных рэзерваў зараз у аблігацыях ЗША яны трымаюць менш за адзін трыльён. У іх атрымалася любымі спосабамі паціху зменшыць гэтую долю. І я думаю, што рана ці позна многія іншыя краіны свету, якія дагэтуль трымаюць золатавалютныя рэзервы ў аблігацыях ЗША, таксама ўсё зразумеюць і пойдуць услед за Кітаем. Лепш укладваць грошы ў інвестыцыйныя праекты за мяжой, распрацоўку новых карысных выкапняў.

Праблемы ж з недаверам да еўра і еўрааблігацый — гэта вынік манаполіі на фінансавую інфармацыю ў ЗША. Амерыцы хацелася б, каб у Еўропе справы былі яшчэ горш, чым у ЗША. Знешні доўг Еўрасаюза, без уліку ўзаемных даўгоў краін саюза адзін аднаму, значна меншы, чым у ЗША. Вельмі часта праблемы Еўрасаюза перабольшваюць. Краіны саюза ў меншай ступені абавязаны, чым ЗША.

ЗША і Еўрасаюз — ахвяры глабалізацыі, якую самі яны і стварылі. Гэтыя дзяржавы не надта кантралявалі свае транснацыянальныя карпарацыі, якіх цікавіў толькі прыбытак. У выніку практычна ўсе заводы аказаліся вынесенымі з Еўропы і ЗША ў Кітай. Яны думалі, што хопіць і інтэлектуальнай рэнты. Але калі заводы вынесены, іх вопыт, іх тэхналогіі паціху пераходзяць да тых краін, дзе прадпрыемствы знаходзяцца. І сёння ўжо кітайцы самі могуць збіраць самалёты, ракеты, аўтамабілі. І надыдзе той дзень, калі ў іх з'явяцца і асабістыя інавацыі, і асабістыя тэхналогіі.

На маю думку, Еўропе трэба арыентавацца на Расію. Ствараць на базе расійскіх сыравінных рэсурсаў сумесныя вытворчасці. Таму што паасобку ні Расія, ні Еўрасаюз, як мне ўяўляецца, у бліжэйшай будучыні не змогуць супрацьстаяць Кітаю. Ну, а Беларусь — гэта мост паміж Расіяй і Еўропай. І я заўсёды выстаўляў лозунг: разам з Расіяй шчыльней інтэгравацца з Еўрасаюзам. Зараз сусветная гісторыя знаходзіцца на чарговым павароце. У канцы мінулага стагоддзя адбыўся распад сацыялістычнага лагера. Гэта была фенаменальная падзея. А вось ХХІ стагоддзе пачынаецца, на мой погляд, з насамрэч рэвалюцыйных сусветных трансфармацый. Адбываецца новы цывілізацыйны паварот: узвышэнне Кітая і захад ЗША, што дае новы шанц еўрапейцам і Расіі. А для Беларусі, як і ў сярэднявеччы, сяброўства Еўропы і Расіі — гэта шанц для эканамічнага развіцця.

— Ці варта людзям зараз хуценька пераводзіць свае долары, напрыклад, у еўра?

— Я думаю, што на тых адрэзках часу, на якіх мы зберагаем грошы (год, нават пяць гадоў) істотнага значэння гэта не мае. Сёння вышэйшы долар, заўтра вышэйшае еўра ці наадварот. На жаль, пакуль няма яшчэ традыцыі захоўваць грошы ў юанях. Калі трэба захоўваць грошы больш працяглы час, чым пяць гадоў, то лепш гэта рабіць менавіта ў юанях.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 12 жніўня 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1278


Комментарии