https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аўтарытарная мадэрнізацыя ў Беларусі не пройдзе


Цяперашняя беларуская ўлада не здольная пайсці шляхам Паўднёвай Карэі. Новай жа ўладзе наўрад ці ўдасца правесці эфектыўную мадэрнізацыю пры дапамозе "ліберальнай дыктатуры".

Адно з галоўных пытанняў па тэме сістэмных рэформ заключаецца ў тым, як паміж сабой узаемазвязаныя палітычныя і эканамічныя працэсы. Іншымі словамі, які тып палітычнай сістэмы ва ўмовах той ці іншай краіны ў найбольшай ступені спрыяе правядзенню паўнацэнных сацыяльна-эканамічных рэформ?

Гэта пытанне з'яўляецца першарадным і ў межах прапанаванага Еўрасаюзам "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю". Правільны адказ на яго дазволіць зразумець межы магчымага для мадэрнізацыі краіны ў сённяшніх умовах і ў будучыні.

Кітайскі шлях? Ліберальная дыктатура?

Універсальнага адказу на пытанне пра ўзаемасувязь палітыкі і эканомікі падчас сістэмных рэформ няма. Вопыт розных краін паказвае, што паспяховыя рэформы могуць праводзіць як аўтарытарныя, так і дэмакратычныя ўлады. Усё залежыць ад умоў у пэўнай краіне.

З каго ж браць прыклад Беларусі?

Даволі папулярнае меркаванне пра тое, што Беларусь павінна пайсці шляхам Кітая ці Паўднёвай Карэі, гэта значыць правесці так званую аўтарытарную мадэрнізацыю. Сэнс яе ў тым, што толькі аўтарытарная ўлада, якая не абмежавана ў сваіх дзеяннях дэмакратычнымі працэдурамі (выбарамі, кантролем з боку парламента і г.д.), можа правесці паслядоўныя рэформы. Маўляў, толькі моцная ўлада здольная прымусіць краіну рэфармавацца.

Зразумела, такі падыход блізкі многім прадстаўнікам сённяшняга беларускага кіраўніцтва. Напрыклад, пра неабходнасць кітайскага шляху для Беларусі неаднаразова заяўляў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік (які, дарэчы, раней працаваў паслом у КНР).

Логіка тут зусім зразумелая. Тыя ці іншыя перамены ў краіне непазбежныя. Яны будуць выклікаць пэўную незадаволенасць грамадзян. І лепш трымаць сітуацыю ў кулаку, каб сістэма не пайшла ўразнос.

Аднак характэрна, што ад прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці таксама можна пачуць меркаванне, што толькі аўтарытарная ўлада зможа рэфармаваць Беларусь. Яны, праўда, маюць на ўвазе не сённяшнюю ўладу, а сябе пасля падзення рэжыму Лукашэнкі. Маўляў, пасля перамогі над цяперашняй дыктатурай савецкага тыпу давядзецца стварыць "ліберальную дыктатуру", якая дазволіць правесці рыначныя рэформы.

Здаецца, што не маюць рацыі ні тыя, ні другія. Суаднясенне беларускіх рэалій з вопытам краін, якія прайшлі сістэмную трансфармацыю, паказвае на малую верагоднасць аўтарытарнай мадэрнізацыі ў Беларусі.

Без дэмакратыі рэформы замарожваюцца

Гэта пытанне вяртае нас да вялікай акадэмічнай спрэчкі, пік якой прыпаў на 1980—1990-я гады. Тады вучоныя і аналітыкі разважалі, як лепш правесці сістэмныя рэформы ў краінах савецкага блоку, што равальваўся.

Тыя меркаванні можна вельмі ўмоўна падзяліць на дзве групы. Адны сцвярджалі, што постсавецкім краінам спатрэбіцца аўтарытарная ўлада, якая не будзе залежаць ад настрояў электарату. Меркавалася, што пасля старту рэформ адбудзецца падзенне ўзроўню жыцця і насельніцтва хутка запатрабуе спыніць рэфармаванне. Паводле меркавання прадстаўнікоў гэтай групы, у дэмакратычных умовах урады былі б вымушаныя пайсці назад.

Другая група вучоных лічыла, што пагроза рыначным рэформам у постсавецкіх краінах будзе зыходзіць не ад простых выбаршчыкаў, а ад былых і дзейных чыноўнікаў. Па-першае, паўнацэнныя ліберальныя рэформы вядуць да значнага паслаблення ўлады апаратчыкаў, чаго тыя паспрабуюць пазбегнуць (а значыць, не дадуць рэформам развіцца).

Па-другое, частка чыноўнікаў захоча падчас трансфармацыі манетызаваць сваю адміністрацыйную ўладу і стаць новымі ўласнікамі. Пасля атрымання ўласнасці яны будуць зацікаўленыя замарозіць распачатыя рэформы, каб атрымліваць максімальную рэнту з манапольнага становішча на недарэфармаваных рынках. Пры адсутнасці дэмакратычных свабод, лічылі вучоныя, у такіх сіл будуць развязаныя рукі для замарожвання рэформ. Наяўнасць жа дэмакратычных выбараў, свабодных СМІ і незалежнай судовай сістэмы мінімізуе гэту небяспеку.

Праз два дзесяцігоддзі пасля развалу савецкага блоку ёсць шмат даных, якія дазваляюць сцвярджаць, што менавіта другая група вучоных мела рацыю. Краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (ЦУЕ), якія далей прайшлі ў плане дэмакратызацыі, аказаліся больш паспяховымі і ў эканамічных рэформах. І наадварот.

Чыноўнікам трэба звязаць рукі


Шэраг фактараў гаворыць аб тым, што вопыт краін ЦУЕ актуальны і для Беларусі. Назавём толькі два з іх.

Па-першае, мы стаім перад неабходнасцю трансфармацыі такога ж тыпу, як і краіны ЦУЕ ў 1980—1990-х гадах, — з камандна-адміністрацыйнай эканомікі ў рыначную. Рэформам падлягае такі ж велізарны дзяржаўны сектар. Галоўныя праблемы: вялікі ўзровень дзяржрасходаў, дзяржуласнасці і дзяржпраграм, што на пераходным этапе стварае спрыяльнае асяроддзе для карупцыі і пошуку рэнты з боку чыноўнікаў і набліжаных да іх асоб.

Па-другое, рэформы як такія ў Беларусі яшчэ не пачаліся, а мы ўжо назіраем эфект замарозкі з боку чыноўнікаў. Найболей яркі прыклад — малая прыватызацыя, якая была абвешчана яшчэ ў 2008 годзе. План прыватызацыі ў 2008—2010 гадах быў выкананы ўсяго на 5%, а ў 2011 годзе — на 19%. Паводле слоў старшыні Дзяржкаммаёмасці Георгія Кузняцова, прычына такіх дрэнных паказчыкаў у сабатажы з боку мясцовых улад і дырэктарата, якія не жадаюць выпусціць актывы з-пад свайго кантролю.

Такія ж бязрадасныя вынікі і ў плане прыцягнення замежных інвестыцый. І гэта нягледзячы на жорсткія патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі.

Такім чынам, у межах "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю" вельмі важна памятаць, што магчымасці аўтарытарнай мадэрнізацыі ў нас вельмі абмежаваныя.

Без палітычнай дэмакратызацыі ў краіне не варта чакаць паслядоўных і паўнацэнных сацыяльна-эканамічных рэформ. Аўтарытарнымі метадамі эфектыўныя рэформы не змогуць правесці ні цяперашнія ўлады (у якіх, уласна кажучы, і няма вялікага жадання штосьці рэфармаваць), ні прыхільнікі так званай ліберальнай дыктатуры.

Яўген Прэйгерман, дырэктар па даследаваннях "Ліберальнага клуба" — для БелаПАН
20 ліпеня 2012

 

Кoличество переходов на страницу: 868


Комментарии