https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Міхаіл Кавалёў: "Прынятыя захады могуць стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку"


Пасля нарады па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны "Звязда" звярнулася па каментар да дэкана эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесара Міхаіла Кавалёва.

— Якія наступствы будзе мець адкрыццё дадатковай сесіі таргоў на валютнай біржы?

— Адкрыццё дадатковай сесіі — правільны крок. Замест шматлікіх курсаў і паўпадпольных рынкаў валюты мы атрымліваем продаж валюты ў адным месцы. І гэта вельмі станоўча. Мне здаецца, што на час да стабілізацыі курса трэба ўвогуле сканцэнтраваць абсалютна ўсе здзелкі па продажы валюты на гэтай дадатковай сесіі. Вынікам будзе празрыстасць, адсутнасць парушэнняў і адзіны курс.

Аднак сказаць сёння, што ўсе праблемы вырашаны, нельга. Вырашаны толькі праблемы празрыстасці, зручнасці работы для імпарцёраў і экспарцёраў. Дэфіцыт гандлёвага балансу па-ранейшаму застаецца: нашага экспарту, які сёлета значна вырас, хапае толькі на закупку прамежкавага імпарту. Гэта значыць, што калі нават экспарцёры прывязуць усю, да капейкі, заробленую валюту ў краіну, гэтага хопіць толькі на закупкі прамежкавых матэрыялаў, сыравіны і іншага. А яшчэ ж ёсць спажывецкі імпарт. Як ні павялічыліся цэны на імпартныя спажывецкія тавары, мы ўсё роўна тое-сёе з прадуктаў імпартных купляем, адзенне тое ж. Таксама ёсць інвестыцыйны імпарт. І таму праблема адзінага курсу ў нейкай ступені вырашана. А праблема дастатковасці валюты для функцыянавання эканомікі — не.

— А як яе вырашыць?


— Трэба знайсці дадатковыя крыніцы. Зразумела, што экспарт будзе працягваць расці, будзе меншы імпарт спажывецкіх тавараў. Сітуацыя будзе паляпшацца, але нават пры гэтым краіне для нармальнага функцыянавання эканомікі не хапае мінімум два-тры мільярды долараў. Таму трэба ці закладваць золата з золатавалютных рэзерваў, ці прадаваць яго ж. Але, на мой погляд, аптымальны спосаб — гэта паскарэнне прыватызацыі. Можа быць, нават не столькі буйных аб'ектаў ("Белтрансгаза", "Беларуськалія", напрыклад), бо зразумела, што тут будуць карыстацца сітуацыяй і імкнуцца купіць нашы акцыі танна. Мне здаецца, што трэба паскорыць масавую прыватызацыю сярэдніх аб'ектаў, што дало б дадатковы прыток замежных і ўнутраных доларавых інвестыцый, каб закрыць патрэбныя два-тры мільярды. А можа быць, атрымаем дадатковы крэдыт ад МВФ. Але яшчэ раз падкрэсліваю, што калі не будуць знойдзены дадатковыя крыніцы валюты, то эйфарыя, якую выказвалі многія прамыслоўцы, пакуль дачасная. Таму што валюты на біржы не будзе хапаць для ўсіх імпарцёраў, а значыць, курс будзе павялічвацца, і паступова некаторыя, магчыма і горадаўтваральныя прадпрыемствы, пачнуць "адвальвацца". У іх проста не будзе грошай, каб купляць валюту па дзевяць-дзесяць тысяч. Вядома, што рынак стабілізуе ўсё, але ў нашай сітуацыі гэта можа быць вельмі дарагой цаной, калі адзін з нашых заводаў не зможа закупіць камплектуючыя альбо купіць па такой высокай цане, што ў яго не застанецца грошай, каб выплаціць зарплату сваім работнікам. А абавязковая ўмова стабілізацыі курсу і выхаду на адзіны курс — гэта адсутнасць эмісіі. Эмісіі няма — значыць, прадпрыемства прыходзіць і кажа: "Дайце мне грошай, бо няма чым плаціць зарплату", а яму кажуць: "Прабачце, грошай няма". Таму курс можна стабілізаваць, але ў нашых умовах збалансаванасці экспарту толькі з прамежкавым імпартам абавязкова патрэбны інтэрвенцыі Нацыянальнага банка. А для гэтага патрэбны ці крэдыты, ці продаж дзяржмаёмасці.

— Прэзідэнт пра гэта і казаў: "Ніякай эмісіі". Але як пасля гэтага будзе прадпрыемствам?

— Прадпрыемствам будзе цяжэй, таму што яны будуць дорага купляць валюту. У былой сітуацыі яны маглі б пайсці і сказаць: "Дайце нам крэдыт". Але сёння браць крэдыт з такой стаўкай рэфінансавання — гэта банкруцтва для прадпрыемства. Рынак, зразумела, вызначыць раўнаважны курс, але пры гэтым курсе занадта шмат прадпрыемстваў могуць стаць неплацежаздольнымі. Да гэтага трэба быць гатовымі. Таму цалкам без эмісіі мы, напэўна, не абыдземся. Значыць, трэба яшчэ дзесьці шукаць плюс да тых двух-трох мільярдаў долараў, пра якія я ўжо казаў, яшчэ валюту на пакрыццё эмісіі.

— А што наконт сістэмы электроннага ўліку куплі валюты?

— Электронны ўлік існуе ў многіх краінах свету. Мы ж улічваем крэдыты, якія выдаём. Як раз у гэтым рэгістры крэдытаў можна весці ўлік валюты, якую прадаюць. Але гэты захад эфектыўны ў краіне, дзе абсалютна ўсе грамадзяне законапаслухмяныя. У нашай жа сітуацыі баюся, што валютнаму спекулянту не будзе вялікай праблемы сабраць дзясятак пашпартоў у бедных студэнтаў альбо пенсіянераў і пайсці ў знаёмага банкіра купіць на ўсе гэтыя пашпарты валюту. Таму эфектыўнасць гэтага захаду невысокая. Але з часам, думаю, ён зможа сапраўды ўпарадкаваць рынак наяўнай валюты.

— Людзям будзе дадзена магчымасць, калі яны захочуць, перавесці рублёвыя ўклады ў валютныя. Аднак даходнасць рублёвых укладаў зараз вельмі вялікая. Што рабіць людзям?

— Я мяркую, што калі б Нацбанк рэкамендаваў банкам канвертаваць рублёвыя ўклады ў валютныя ў сакавіку, то паніка б імгненна знікла, як і некалькі гадоў таму, і валютнага крызісу ў нас увогуле не было б. Гэты захад вельмі правільны, але калі б ён быў ужыты ў сакавіку, многіх праблем сённяшніх мы б не мелі. Да таго ж, тады ў банкаў была лепшая валютная пазіцыя, і яны ў невялікіх аб'ёмах (і гэтага было б дастаткова) маглі зрабіць канвертацыю. Карацей, калі б ў сакавіку мы рэзка паднялі стаўку рэфінансавання па рублях і аб'явілі, што можна выбіраць: ці рублёвы пад 20 працэнтаў, ці валютны пад 8 працэнтаў, то для банкаў усё прайшло б беспраблемна. Зараз жа ўжо вялікага сэнсу мяняць рублі на долары няма пры такой дэпазітнай стаўцы па рублях. Да таго ж не ўсе банкі могуць зараз зрабіць свабодна гэтую працэдуру. Але нават цяпер гэта рэкамендацыя правільная. І яна накіравана перш за ўсё на тое, каб пагасіць дэвальвацыйныя чаканні і прыпыніць адток укладаў. Думаю, што ў комплексе з іншымі захадамі яна можа даць эфект. Але насельніцтва не будзе патрабаваць канвертацыі толькі ў тым выпадку, калі яно ўбачыць, што курс на дадатковай сесіі прыпыніўся ці нават рушыў уніз з таго, які зараз называецца курсам "чорнага рынку". І яшчэ: стабілізацыя курса залежыць ад Нацыянальнага банка, і ён павінен быць не толькі назіральнікам, як гэта было апошнія чатыры-пяць месяцаў, а актыўна ўплываць на валютныя працэсы.

— А калі ўсё ж такі зможа ўсталявацца адзіны курс?

— Падкрэслю, што пры рэалізацыі ўсіх азначаных захадаў і адшуканні дадатковай валюты для інтэрвенцыі сітуацыю можна будзе стабілізаваць хутка. І, дарэчы, яна будзе стабілізавана тым хутчэй, чым хутчэй курс абавязковага продажу мы пасунем у напрамку рынкавага. Пры гэтым трэба імкнуцца выдаткі гэтага працэсу перакласці на ўсіх эканамічных суб'ектаў больш-менш раўнамерна: на сярэдні клас, а не на малазабяспечаных, на экспарцёраў і імпарцёраў прыкладна ў аднолькавай ступені.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда,  3 верасня 2011

 

Кoличество переходов на страницу: 1046


Комментарии