https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У Беларусі ствараецца новая армія


У Беларусі ствараецца новая армія, упор у якой будзе зроблены на войскі тэрытарыяльнай абароны. Аб гэтым заявіў 4 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, ўручаючы генеральскія пагоны кіраўнікам абласцей і Мінска.
________________________________________

Звяртаючыся да губернатараў і мэра Мінска, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Гэта даўно трэба было зрабіць. Тое, што вы становіцеся генерал-губернатарамі, — гэта факт, але падкрэсліваю, што гэта не дзеля паказухі або прэстыжу — цалкам зменіцца кадравая палітыка адносна людзей, якія будуць камандаваць войскамі тэрытарыяльнай абароны. Мы ствараем, калі хочаце, новую армію ў Беларусі, і ёю будзеце камандаваць вы". Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, яна будзе налічваць 120 тыс. чалавек.

Прэзідэнт адзначыў, што, нараўне з вырашэннем эканамічных, сацыяльных пытанняў, на губернатараў і мэра Мінска кладзецца адказнасць па арганізацыі ваеннага складніка. "У нас губернатары — людзі ваенныя, адказныя, таму другая частка вашага жыцця з сённяшняга дня — ваенная бяспека. Вы будзеце праводзіць вучэнні тэрытарыяльнай абароны і павінны разам з генштабам поўнасцю дапрацаваць нарматыўна-прававую базу", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "За кожным аўтаматам, пісталетам, гранатамётам, за кожнай зброяй павінны быць замацаваны канкрэтныя людзі. Без жартаў, гэтыя мерапрыемствы вельмі сур'ёзныя. І найперш гэта не таму, што сітуацыя вакол складаная, а яна сапраўды складаная, а таму, што мы ствараем новую армію", — адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што войскі тэрытарыяльнай абароны павінны пры гэтым дакладна ўзаемадзейнічаць з асноўнай арміяй.

"Так, сёння асобныя стогнуць: час такі, праводзіць — не праводзіць вучэнні, бюджэтныя затраты. Быццам бы яны нясуць гэтыя бюджэтныя затраты. Урэшце, гэта не іх справа, гэта мною прынята рашэнне. Хто не будзе цяпер вучыцца — будзе пажынаць плады нашай бяздзейнасці. На гэта грошай ніякіх шкадаваць не трэба", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што цяперашняе вучэнне — камандна-штабное, і яно не патрабуе вялікіх затрат. "Мы не трацім тут вялікія грошы. Але калі трэба — будзем траціць. Такі адказ усім, хто сёння гаворыць аб бюджэтных тратах". Закрануў кіраўнік дзяржавы і ўзнятую напярэдадні тэму аб прыцягненні да тэрытарыяльнай абароны дзелавых колаў. "Я ўчора не дарма сказаў аб нашых камерсантах, бізнэсменах. Ім губляць больш, чым камусьці тут, у гэтай краіне. Ім трэба знайсці сваё месца", — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, прыватнік заўсёды прыцягне асабісты рэзерв. "А не дай бог давядзецца ваяваць. Мы — мужчыны, мы павінны абараніць свой дом, сваю сям'ю, свой кавалак зямлі. У гэтым наш абавязак", — сказаў Прэзідэнт.

"Сапраўдны мужык павінен адслужыць у арміі"

"Усё, што патрэбна было ў плане рэформы Узброеных Сіл, мы зрабілі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што тэма па кантрактніках у краіне ўжо не ўзнімаецца. "Там, дзе патрэбны кантрактнік, — ён служыць, дзе патрэбны людзі тэрміновай службы — яны ёсць". "Але маё асабістае меркаванне: калі мужык не нюхаў пораху (не важна, як у арміі служыў — год, паўтара, два, тры або прызываўся на месяц-два), што гэта за мужык?" — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы павінны рыхтаваць з кожнага мужыка абаронцу. Армія ў гэтых адносінах адыгрывае ключавую ролю", — лічыць Прэзідэнт. "Таму трэніраваць мужыкоў будзем. І гэта вельмі важнае пытанне. Хлопцы, якія пабылі ў арміі, зусім іншыя людзі. У арміі яны становяцца сапраўднымі людзьмі, яны ўсведамляюць сваю ролю, сваю значнасць". Што датычыцца альтэрнатыўнай службы, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сістэма ў краіне таксама выпрацавана. Рэгулярна зацвярджаюцца спісы жадаючых прайсці такі від службы, ніколі не адмаўляецца нікому з жадаючых. Паводле слоў Прэзідэнта, такіх хлопцаў нямнога. "Але калі асобныя захочуць пайсці (на альтэрнатыўную службу. — Заўвага БЕЛТА) — не раю, я не прыхільнік гэтага. Трэба паслужыць, каб быць сапраўдным мужыком", — сказаў Прэзідэнт. "Можа, вы са мной не зусім згодны, але я пакуль прытрымліваюся такога меркавання".

"Захад імкнецца расхістаць сітуацыю ў Беларусі для ўключэння рэспублікі ў сферу свайго ўплыву"

"Мэта Захаду бачная простым вокам: ім трэба расхістаць сітуацыю ў Беларусі і адрэзаць яе ад актыўнага ўдзелу ў міжнародных грамадска-палітычных працэсах. А затым уключыць у сферу свайго ўплыву".

Паводле слоў Прэзідэнта, з набыццём суверэнітэту Беларусь таксама трапіла ў сферу інтарэсаў сусветнай закулісы. "Захадам ужо ўведзены розныя санкцыі ў адносінах да беларускіх прадпрыемстваў. Гэтыя абмежавальныя меры перашкаджаюць нібыта па палітычных прычынах раўнапраўнаму эканамічнаму супрацоўніцтву. Шырока распаўсюджаны і іншыя формы эканамічнага націску, якія наносяць урон нашым нацыянальным інтарэсам у эканамічнай сферы".

Сур'ёзным выклікам для нацыянальнай бяспекі з'яўляецца інфармацыйнае і палітычнае ўмяшанне звонку. "Сёння яно мае рысы адкрытай інфармацыйнай вайны. Для гэтага задзейнічаюцца такія рэсурсы, як інтэрнэт, радыёстанцыі і спецыяльна арганізаваныя тэлеканалы, газеты і часопісы, на якія трацяцца вялікія сродкі. Пры гэтым на нас пастаянна націскаюць, папракаюць у недахопе свабоды слова і плюралізму".

"Мы бачым, якімі высокімі тэмпамі ідзе пашырэнне НАТА ў еўрапейскім рэгіёне, як актыўна нарошчваецца ваенная інфраструктура заходніх і паўночных суседзяў паблізу нашых граніц, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Трывожным фактарам становіцца тое, што апошнім часам у некаторых суседніх краінах рэгулярна праводзяцца інструктажы і спецыяльныя нарады з удзелам высокапастаўленых чыноўнікаў дзярждэпартамента і сенатараў ЗША, міністраў і палітыкаў еўрапейскіх краін з вельмі правакацыйным парадкам дня. Як зрабіць рэвалюцыю ў Беларусі, як змяніць канстытуцыйны лад і да таго падобнымі, адкрыта варожымі тэмамі. Недаацэньваць такія з'явы нельга".

"Пад заклікі аб дэмакратыі гінуць тысячы людзей"

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што найбольш развітыя краіны Захаду імкнуцца да поўнага кантролю над прыроднымі рэсурсамі ўсёй планеты. "Апошнія дзесяцігоддзі мы пастаянна назіраем імкненне найбольш развітых краін Захаду да поўнага кантролю над прыроднымі рэсурсамі ўсёй планеты. Такая палітыка вылілася фактычна ў кампанію па каланізацыі менш развітых дзяржаў і цэлых рэгіёнаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца як няўзброеныя формы барацьбы, так нярэдка і ваенная сіла". Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, колькі ні гаварылі б з высокіх трыбун аб усеагульным міры і бяспецы, на практыцы яны застаюцца толькі дэкларацыямі. "У розных кутках планеты не сціхаюць крывавыя канфлікты. Пад заклікі аб дэмакратыі гінуць тысячы людзей. Учыняюцца неймаверныя па сваёй бязлітаснасці тэракты".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сучасныя войны па формах і сродках вядзення ў корані адрозніваюцца ад тых, якія былі раней. Няма больш вялікіх сухапутных груповак, няма іх прамога ўварвання на тэрыторыю краіны. Пераважаюць масіраваныя авіяналёты і правакаванне грамадзянскіх войнаў у дзяржавах. Мэты дасягаюцца з выкарыстаннем палітычных, эканамічных і інфармацыйных інструментаў. "Асноўныя баталіі разгортваюцца на міжнародных форумах, а рашэнне аб нападзенні на чарговую краіну прымаецца ў кулуарах вузкім колам зацікаўленых асоб.

Абавязковымі элементамі становяцца інфармацыйныя атакі, дэстабілізацыя абстаноўкі, раздуванне пратэсных настрояў сярод насельніцтва, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Затым на пэўным этапе падключаюцца сілы спецыяльных аперацый. Яны пад прыкрыццём "народных" хваляванняў сумесна з "пятай унутранай калонай" завяршаюць разгром той ці іншай краіны. Аб гэтым сведчаць арабскія рэвалюцыі, знішчэнне Лівіі як суверэннай дзяржавы.

"Беларусь і Расія блізкія да дамоўленасці па пастаўках газу і нафты"

"Па прыроднаму газу мы дамовіліся, цяпер ідуць перагаворы, блізкія да завяршэння, па нафце. Там у нас невялікія праблемы па прэміі, якую мы плацім за нафту. Але лічу, што мы знімем гэтыя пытанні".

"Блізкая да 100 працэнтаў верагоднасць, наколькі мне ўжо далажылі па праекце пагаднення, які будзе падпісаны, што мы выраўноўваем умовы".

Гаворачы аб намечаным на лістапад пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што плануецца разгледзець пытанні бяспекі, абароны дзяржаў, эканомікі, у тым ліку цэнаўтварэння на рэсурсы, стварэння роўных умоў. Аднак парадак дня пасяджэння яшчэ прапрацоўваецца.

"Я ўжо некалькі разоў гаварыў: калі нерэальныя роўныя ўмовы, то нам і АЭП не патрэбна. Мы ідзём туды не таму — як нас там дзяўбуць, найперш мяне, Лукашэнка ідзе туды, — каб штосьці танней атрымаць. Не! Нам патрэбны роўныя ўмовы. Калі танна там, значыць танна тут. Калі дорага там, значыць дорага і тут", — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, Расія нарэшце зразумела, што Беларусь карысная і ў гэтых адносінах. "Нядаўна запыталі падтрымкі і дапамогі па пастаўках бензіну, некалькі дзясяткаў тысяч тон. Вядома, мы Расіі дапаможам", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што пайшла ўвязка ў сферы эканомікі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта будзе сімвалічны і вельмі важны Вышэйшы Дзяржсавет, на якім будуць прыняты адпаведныя рашэнні.
Аляксандр Лукашэнка не гатовы да ўвядзення адзінай валюты ў АЭП

"Вы асабіста як грамадзянін гатовы да таго, каб заўтра зрабілі адзіную валюту? Я як Прэзідэнт не гатовы", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што гэта пытанне ўжо абмяркоўвалася ў рамках Саюза Беларусі і Расіі. Паводле яго слоў, шмат было незразумеласцяў, на якія ніхто не мог адказаць. "Будуць роўныя ўмовы, мы будзем бачыць, да чаго гэта прывядзе, дык чаму б не стварыць на роўных умовах і адзіную валюту", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аднак ён падкрэсліў, што гэта пытанне яшчэ падлягае абмеркаванню на ўзроўні экспертаў.

"І потым, мы павінны быць перакананы, што гэта не прывядзе да страты палітычнага суверэнітэту, што гэта не размажа, не размые нашу рэспубліку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У гэтым не толькі мы зацікаўлены, але і нашы партнёры". Паводле слоў Прэзідэнта, як толькі бакі да гэтага падыдуць, пачнуць абмяркоўваць праблемы стварэння адзінай валюты. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад Еўрапейскага саюза. "Ну, быццам бы ўсё абмазгавалі, высокі ўзровень развіцця, ледзь ці не роўны ўзровень развіцця дзяржаў, увялі адзіную валюту — і да чаго прыйшлі? Сёння ўжо ідзе размова, і адкрыта, аб тым, што няважна, калі Грэцыя выйдзе з зоны еўра, галоўнае — еўра захаваць. Аб гэтым нядаўна гаварыла вядомы германскі кіраўнік, гэта няправільная пастаноўка, гэта ўніжэнне сваіх партнёраў". Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўжо на стадыі фарміравання гэтага працэсу неабходна прадугледзець усе негатыўныя наступствы. "Мы не гатовы да гэтага яшчэ, але як перспектыва, як класічнае фарміраванне цалкам магчыма. Тым больш у нас вопыт ужо ёсць", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

"Аперацыя НАТА ў Лівіі — акт вандалізму ХХІ стагоддзя"

Прадстаўнікі СМІ папрасілі кіраўніка дзяржавы выказаць сваё меркаванне аб далейшым развіцці сітуацыі ў Лівіі, улічваючы тое, што на руках у людзей знаходзіцца вялікая колькасць зброі, выказваюцца прапановы аб увядзенні на тэрыторыі краіны законаў шарыяту, у Лівію пранікаюць тэрарыстычныя групоўкі. "Як мы можам расцэньваць? Вельмі негатыўна. Як мы можам расцэньваць дзеянні войскаў НАТА ў Лівіі? Як парушэнне мандата Савета Бяспекі ААН, — падкрэсліў беларускі лідар. — Я не перабольшваю гэты безгаловы і бесталковы Саўбез. Я не перабольшваю іх ролю і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый — яна ўжо ў нейкую шырму ператварылася. Глядзіце: Ірак, Афганістан, цэлая арабская дуга. Дзе гэта ААН? Чаму не прадухілілі ўсё гэта?"

Больш за тое, ААН і непасрэдна Савет Бяспекі нават падыгралі агрэсарам. "Быццам бы напісалі адно, мандат быў адзін, а ўзброеныя сілы НАТА пайшлі на парушэнне гэтага мандата".

Як адзначыў Прэзідэнт, аб тым, што НАТА парушыла мандат ААН, сёння многія заяўляюць, у тым ліку міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. "Ён адкрыта гаворыць аб тым, што НАТА парушыла гэты мандат. Я з ім абсалютна згодны".

"Учынена агрэсія, забіта кіраўніцтва краіны, не толькі Муамар Кадафі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Прытым, як забіта? Ну, застрэлілі б, у баі загінуў бы чалавек. Дык гэта ж з дапамогай спецслужбаў (не думайце, што яго, кіраўніка дзяржавы, хлапчукі затрымалі. Як яго ахоўвалі, вы ведаеце), захоп кіраўніка краіны ажыццявілі натаўскія спецпадраздзяленні. З яго здзекаваліся, стралялі, параненага мучылі, выкручвалі і ламалі рукі, а потым закатавалі. Горш, чым фашысты ў свой час".

"Не дай бог, каб гэта палітыка і гэтыя дзеянні ўзялі верх на нашай планеце. Бяда будзе ўсім".

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад падзеі ў Тунісе і Егіпце, дзе, як ён адзначыў, істотна ўзмацняюцца пазіцыі радыкальных ісламістаў. "У Лівіі будзе яшчэ горш. Таму што там каласальныя запасы прыродных рэсурсаў. Туды ўжо ўсе рынуліся, — лічыць Прэзідэнт Беларусі. — Я ўжо не гавару аб тых, у каго сёння да $150 млрд лівійскіх грошай: ЗША, Італія, Францыя, Германія. Гэта краіны, якія вельмі зацікаўлены ў тым, каб прыхапіць гэтыя багацці. Ці тое яшчэ будзе".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Лівіі і іншых краінах арабскай дугі, дзе былі ўчынены рэвалюцыі, да ўлады прыходзяць не зусім пажаданыя для Захаду людзі. "А тут яны ўжо кіраваць не змогуць. Гэта акт вандалізму ХХІ стагоддзя, такога быць не павінна".

"Але гэта і твар паказвае нашых так званых настаўнікаў дэмакратыі. Вам патрэбна такая дэмакратыя?" — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць недапушчальным развагі пра грошы, калі размова ідзе пра бяспеку

Аляксандр Лукашэнка нагадаў у сувязі з гэтым вядомую фразу, што, хто не корміць сваю армію і салдат, будзе карміць чужых.

Што датычыцца размоў аб тым, што расходы на абарону і бяспеку занадта высокія, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Я — Прэзідэнт, вы мяне выбралі, і я буду прымаць рашэнні, трэба гэта ці не, мэтазгодна ці не, дорага ці не. Я ўмею лічыць грошы. Я разбяруся сам, я больш інфармаваны чалавек".

Наконт некаторых заяў аб тым, што, праводзячы вучэнні, Беларусь спрабуе кагосьці палохаць, у тым ліку НАТА, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "У НАТА служаць недурныя людзі. Яны выдатна ведаюць, на што здольны нашы Узброеныя Сілы. Некаторыя даклады мне даводзіліся аб тым, як яны ацэньваюць нас. Вельмі высока". "Калі яны нас высока ацэньваюць, наш патэнцыяльны сапернік (не вораг, не праціўнік, а сапернік), гэта дарагога каштуе. І гэты ўзровень трэба падтрымліваць. Таму мы нікога не палохаем. А калі хтосьці заслугоўвае таго, каб яго напалохаць, няхай ён нас баіцца".

"Тэрытарыяльная абарона павінна мець агульнадзяржаўны і ўсенародны характар"

"Вынікі праверкі выявілі нашы як моцныя, так і слабыя бакі", — адзначыў Прэзідэнт. Галоўная праблема ў тым, што асобныя кіраўнікі яшчэ не зусім разумеюць важнасць мер, накіраваных у мірны час на абарону краіны. "Але гэта вялікая памылка. Сёння кожны павінен убачыць сваю ролю ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і, у прыватнасці, развіцці тэрытарыяльнай абароны". Выяўлена нямала праяў фармалізму пры забеспячэнні мерапрыемстваў тэрытарыяльнай абароны. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыцягнутыя на вучэнне мясцовыя ўлады і сілавыя падраздзяленні паказалі добрую падрыхтоўку, зладжана дзейнічалі пры вырашэнні пастаўленых задач.

На думку Прэзідэнта, важнейшай задачай кіраўнікоў усіх узроўняў таксама з'яўляецца ўдасканаленне патрыятычнай работы. "Ідэалагічная работа павінна весціся не шаблонна, паўтараючыся па датах і мерапрыемствах, а мець сістэмны характар", — падкрэсліў Прэзідэнт. У гэтым плане ён папярэдзіў Адміністрацыю Прэзідэнта: "Тут у нас сёння больш чым трэба праблем. І гэты складальнік сёння павінен працаваць. Ён працуе слаба, фармальна. Чакаю наконт гэтага не проста канкрэтных прапаноў, а дзеянняў".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер разгарнулася бязлітасная барацьба за маладое пакаленне, асабліва за тых, хто не знаёмы з ваеннай службай. "І мы не маем права гэту барацьбу прайграць, у адваротным выпадку страцім краіну. Працаваць з моладдзю неабходна на ўсіх узроўнях самымі эфектыўнымі метадамі".

"Для розных экстрэмістаў і апазіцыянераў такія словы, як "абарона Радзімы", "дабрабыт народа", "сацыяльная справядлівасць", — гэта пусты гук. На шчасце, на беларускай зямлі іх рады нешматлікія, таму што глеба для існавання "пятай калоны" аказалася неспрыяльнай. Большасць нашых людзей бачыць нікчэмную сутнасць гэтых дэмагогаў".

"Скажу шчыра, сітуацыя ў пагранічных войсках мяне апошнім часам насцярожвае. Справа не ў тым, што вы загубілі людзей, ляталі незразумела з кім і куды на верталётах (маецца на ўвазе нядаўняе крушэнне ў Пастаўскім раёне верталёта пагранслужбы. — Заўвага БЕЛТА). Залішняя параднасць, паказуха нехарактэрна для пагранічных войскаў. І гэта трэба выкараніць", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Камітэту Дзяржбяспекі кіраўнік дзяржавы даручыў скарэкціраваць падыходы да ацэнкі і кантролю развіцця ў краіне сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў мэтах павышэння аператыўнасці інфармацыйнага забеспячэння. "Хачу адкрыта сказаць, КДБ вельмі шмат правярае, кантралюе, аналізуе і дакладвае. Я чакаю ад вас канкрэтных дзеянняў".

Адносна МУС Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтаму ведамству неабходна выкарыстоўваць усе існуючыя магчымасці для прымянення комплексу аператыўных, тэхнічных і іншых мерапрыемстваў па выяўленню, спыненню дзейнасці экстрэмісцкіх груповак і асоб, якія падрываюць стабільнасць у грамадстве, ствараюць пагрозу грамадскай бяспецы і правапарадку. "Міністру ўнутраных спраў трэба забыць такія паняцці, як прыстойна-непрыстойна, як на нас паглядзяць, як нас ацэняць, дрэнна пра нас не напісалі б і не сказалі б. Гэта не справа міністра ўнутраных спраў. Гэта справа палітыкаў. А ваша справа — строга і прынцыпова рэагаваць на любыя дзеянні, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А то ў нас пачынаючы ад участковага да суддзі ўсе сталі палітыкамі. Вось, мы прынялі б меры, але мы не ведаем, якая будзе на гэта рэакцыя міжнароднай грамадскасці. Што гэта за глупства такое? Вы ў мяне, калі ласка, не забірайце мае функцыі і паўнамоцтвы. Гэта я буду потым разбірацца, як будзе рэагаваць міжнародная грамадскасць. Ваша задача — дзейнічаць строга ў адпаведнасці з законам і логікай развіцця нашага грамадства".

Асабліва кіраўнік дзяржавы звярнуўся да кіраўнікоў абласцей. "...Мы ўжо цяпер у самых розных сферах дзейнасці вымушаны працаваць ва ўмовах надзвычайнага націску звонку. Не выключаю, што наперадзе ў нас можа быць няпросты час. Наша з вамі задача — забяспечыць стабільнасць у раёне, вобласці, краіне ў цэлым". Ён даручыў губернатарам дасканала разабрацца з пытаннямі па арганізацыі тэрытарыльнай абароны. "Я падтрымаю любое рашэнне, якое будзе адпавядаць патрэбнасцям абароны дзяржавы і рэальным умовам. Тэрытарыяльная абарона павінна мець агульнадзяржаўны і ўсенародны характар, садзейнічаць кансалідацыі грамадства, каб адказаць на любыя выклікі, якія могуць быць", — рэзюмаваў беларускі лідар.

Звязда, 5 лістапада 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1281


Комментарии