https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Нам не сорамна за айчынныя тавары


З Універмагам "Беларусь" — пакупкі ў радасць!

— Мікалай Уладзіміравіч, традыцыйна ўнівермаг "Беларусь" аддае перавагу гандлю таварамі з беларускай маркай. Не сорамна вам за айчынную прадукцыю?

— Так, беларускія тавары, якія заўсёды славіліся сваёй якасцю і прымальнымі цэнамі, пераважаюць ва ўнівермагу. Скажу больш, у параўнанні з мінулым годам працэнт беларускай прадукцыі на нашых прылаўках нават крыху павялічыўся. Удзельная вага айчынных тавараў за 4 месяцы гэтага года склала 74,8%, у тым ліку харчовых — 86%, прамысловых — 71,3%. Найбольш трывалыя сувязі склаліся з такімі "гігантамі", як "Атлант", "Гарызонт", "Віцязь" і інш. Да слова, дастаўляем мы буйнагабарытныя тавары сваім пакупнікам дадому бясплатна. З'яўляюцца і новыя вытворцы, не толькі дзяржаўнай формы ўласнасці, якія навучыліся рабіць мэблю, абутак, трыкатажныя вырабы не горш за імпартныя аналагі. І гэта радуе, як нас, так і нашых пакупнікоў.

— Мы прайшлі па секцыях універмага, пагаварылі з прадаўцамі, пакупнікамі. Вымалявалася наступная тэндэнцыя: "Беларусь" прыцягвае апошніх тым, што тут прадаецца толькі высакаякасны тавар і пакупка ніколі не сапсуе настрой з-за, скажам, дрэнна прыклеенай падэшвы...

— Так, універмаг Беларусь" гарантуе якасць тавараў. А ў выпадку выяўлення скрытага браку, дэфекта, пакупніку альбо замяняецца купленая рэч, альбо вяртаецца яе кошт. Але такія выпадкі вельмі рэдкія, бо ў краме наладжаны строгі ўваходны кантроль, праверка якасці праводзіцца па поўнай праграме. Тавар не трапляе на прылавак, калі не адпавядае стандарту. Мы не можам сабе дазволіць такой раскошы — гандляваць няякасным таварам. Ды і вытворцам гэта не на руку. Калі і з'яўляюцца асобныя, якія пачынаюць выпускаць няякасную прадукцыю, то іх век, паверце майму вопыту, нядоўгі. Сёння абы з чым на рынак выходзіць нельга, бо ёсць шмат альтэрнатыўных варыянтаў, як па якасці, так і па цэнах.

"Стараемся думаць пра кожнага пакупніка"

— За апошнія гады ў Мінску з'явілася вельмі шмат прыватных гіпер- і супермаркетаў. Як атрымліваецца вытрымліваць канкурэнцыю?

— Калі ў нас у раёне адкрылася некалькі буйных гіпермаркетаў, мы перажывалі, думалі, што рэзка страцім у тавараабароце. Так, першы час, безумоўна, былі страты.

І гэта зразумела: людзей прываблівае ўсё новае. Тым не менш, час расставіў усё на свае месцы і нашы патрабавальныя пакупнікі вельмі хутка да нас вярнуліся.

Бо не сакрэт, што буйныя гіпер- і супермаркеты не маюць таго шырокага асартыменту, які ёсць сёння ў нашым універмагу. Што тычыцца новых сучасных тэхналогій, то тут ужо нам ёсць чаму павучыцца ў калег-канкурэнтаў. Калі мы не будзем пераймаць адзін у аднаго лепшае, то загінем. А канкурэнцыя стымулюе да развіцця. Калі б яе не было, любое прадпрыемства застыла б на адным узроўні.

— Якімі метадамі прывабліваеце пакупнікоў?

— Наш малады калектыў на чале з маладым начальнікам арганізацыйнага аддзела пастаянна фантазіруе, прыдумвае новыя цікавыя праграмы для пакупнікоў. Сярод іх варта адзначыць работу з падарачнымі сертыфікатамі. Думаю, не будзе адкрыццём і такая форма прасоўвання айчынных вырабаў, як правядзенне рэкламных акцый, выстаў-продажаў, дэманстрацый мадэляў. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць прыцягнуць увагу да тавараў, асабліва да новых, і, як паказвае практыка, актывізаваць гандаль.

— А якія сюрпрызы рыхтуеце для пакупнікоў у бліжэйшы час?

— Апошнім часам актыўна вядзём перагаворы з вытворцамі наконт узаемных зніжак. І што радуе, усё часцей і часцей знаходзім узаемапаразуменне. Так, хутка пара вяселляў... З гэтай нагоды плануецца шырокі распродаж залатых вырабаў. Цяпер супрацоўнік універмага якраз знаходзіцца на Гомельскім заводзе, дзе адбірае асартымент. Існуе дамова, што вытворцы, са свайго боку, зробяць зніжку, мы — са свайго. Гэта, зразумела, прыцягне дадатковых пакупнікоў, тых, якія лічаць свае грошы. Мы разам з прадпрыемствамі-пастаўшчыкамі шмат зрабілі па паляпшэнні гандлю беларускімі таварамі. Але ў гэтым працэсе яшчэ ёсць рэзервы. Бо гандаль — гэта такая галіна, дзе няма межаў дасканаласці. І патэнцыял калектыву дазваляе паспяхова вырашаць гэтую задачу.

"Каб работнікі клапаціліся пра пакупнікоў, я павінен клапаціцца пра работнікаў"

— Мікалай Уладзіміравіч, па якіх крытэрыях выбіраеце супрацоўнікаў?

— Гэта цэлая "акадэмія", бо поспех працы любога прадпрыемства — умела падабраныя кадры. Мы з'яўляемся базавым прадпрыемствам для праходжання практыкі навучэнцаў гандлёвага каледжа. Таму ў перыяд праходжання практыкі ў нас ёсць магчымасць ацаніць дзелавыя якасці практыкантаў і адабраць лепшых. Акрамя таго, ва ўнівермагу добра пастаўлена работа настаўніцтва. Вопытныя і заслужаныя людзі — да слова, сёння каля 50% работнікаў працуюць з адкрыцця — па добрай традыцыі, выхоўваюць сабе дастойную замену.

— Вашы работнікі распавялі, што ва ўнівермагу створаны ўсе ўмовы не толькі для працы, але і для вучобы, спорту, адпачынку...

— Стараемся, каб персанал не зацыкліваўся на адной рабоце, даём ім магчымасць праявіць сябе. І, ведаеце, пераконваюся ў наступным: хто добра адпачывае — той добра і працуе. У нас выдатныя традыцыі арганізацыі спартыўна-масавых мерапрыемстваў, свой калектыў мастацкай самадзейнасці саліднага ўзроўню. А на днях скончыўся гарадскі конкурс прафесійнага майстэрства "Мінскі майстар-2012", у якім наш прадавец заняла першае месца ў горадзе. Адным словам, ёсць чым ганарыцца і, безумоўна, ёсць да чаго імкнуцца. Бо калі ты не бачыш рэзерваў, то пара адпачываць. Я ўжо 43 гады ў гандлі. Перажывалі мы розныя перыяды: і талоны, і пустыя паліцы... За год сітуацыя можа памяняцца 3-4 разы. Наша задача — адчуваць пульс жыцця дзяржавы. Гандаль быў, ёсць і будзе рухавіком прагрэсу. Без яго нікуды, бо ўсё вырабляецца, каб прадаць.

"Набываю тэхніку толькі ў "Беларусі"

— А сам дырэктар — з'яўляецца пастаянным пакупніком універмага "Беларусь"?

— Безумоўна. Праўда, я, як мужчына, больш набываю тэхнічныя рэчы. За наяўнасць прадуктаў дома адказвае жонка (усміхаецца) . Але калі ў харчовы аддзел універмага прывозяць, напрыклад, нейкі новы сорт каўбасы, то абавязкова набываю. Бо на 100% упэўнены, што яна свежая і якасная. Нам штодзень трэба больш як 1 млрд нагадляваць. І я ведаю, якой гэта працай даецца. Дык чаму ж я пайду нешта набываць у іншую краму? Заахвочваем і сваіх работнікаў рабіць пакупкі ва ўнівермагу "Беларусь": адпускаем ім у крэдыт па картках харчовыя тавары, а таксама некаторыя прамысловыя. Гэта ўсё ўваходзіць у сацыяльны пакет нашага прадпрыемства. Здараецца, некаторых работнікаў перавабліваюць на іншае месца працы большай зарплатай. Чалавек сыходзіць, але праз некаторы час разумее, чаго ён пазбавіўся, і дастаткова часта вяртаецца назад.

— Галоўны прынцып работы ўнівермага "Беларусь"?

— Увесь наш калектыў працуе па прынцыпе: "Кожная пакупка павінна прыносіць людзям радасць". Мы прыкладаем шмат намаганняў і ў далейшым зробім усё магчымае і нават больш, каб кожны пакупнік пакідаў сцены нашага ўнівермага не толькі з добрай пакупкай, але і з выдатным настроем.

"Па выпечку да нас едуць з усіх канцоў горада"

Дабірацца да ўнівермага "Беларусь" вельмі зручна: побач аўтастаянка і станцыя метро "Партызанская". Ды і сам па сабе ўнівермаг вельмі кампактны: у цэнтры гандлёвай плошчы кожнага паверха — эскалатар, да якога звернуты ўваходы-выхады секцый. Радыёвузел дапамагае арыентавацца ў навінках, рэкламных акцыях і зніжках, атрымаць інфармацыю аб таварах і дадатковых паслугах. Што тычыцца апошніх, то іх ва ўнівермагу прадстаўлена больш за 50 відаў: гэта і друк фотаздымкаў, і продаж кветак, і рамонт сотавых тэлефонаў, і выраб ключоў, і рамонт гадзіннікаў...

Калі ж захацелася пасля шопінгу адпачыць, перакусіць — заўсёды адчынены дзверы бара і летняй кавярні, буфета і сталовай універмага. Знаёмыя з гэтымі ўстановамі гараджане нахвальваюць мясцовы сэрвіс: і стравы смачныя, і абслугоўванне на вышэйшым узроўні, і атмасфера прыемная.

— Вельмі модным і ўтульным стала памяшканне сталовай пасля рэканструкцыі, якая скончана ў 2010 годзе, — распавядае Аляксей. — І сёння там могуць паабедаць вельмі смачна і нядорага ў тым ліку і наведвальнікі ўнівермага. Для сваіх работнікаў прадугледжана зніжка ў памеры 30%. Наш дырэктар лічыць, што персанал павінен паўнавартасна харчавацца, а не абедаць бутэрбродамі.

Да слова, слава пра тутэйшыя булачкі і слойкі разышлася за межы Заводскага раёна. Каб купіць свежую выпечку, ва ўнівермаг прыязджаюць нават з іншых куткоў сталіцы. І для гэтага не трэба падымацца ў сталовую. Увесь асартымент прадстаўляецца ў гастраноме, што на першым паверсе.

А яшчэ ва ўнівермаг "Беларусь" зручна прыходзіць сем'ямі. І не толькі таму, што тут можна набыць усё неабходнае для кожнага члена сям'і. Малых, якіх стамляе працяглая прагулка па ўнівермагу, можна бясплатна пакінуць у пакоі адпачынку для дзяцей, дзе яны цудоўна правядуць час з вопытнымі педагогамі-выхавацелямі.

Паводле слоў загадчыцы секцыі Святланы Гунько, якая працуе ва ўнівермагу "Беларусь" з самага адкрыцця, за апошнія гады ўнівермаг вельмі змяніўся. "Працаваць тут — адно задавальненне! Адчуваеце, якое свежае паветра?

У нас жа тут паўсюль кандыцыянеры ўстаноўлены. Гэта вельмі камфортна, асабліва ў спёку, як нам, так і нашым пакупнікам".

НЕ ПРАПУСЦІЦЕ!

Ва ўнівермагу "Беларусь" (а таксама ў яго філіялах на вуліцах Сяліцкага і Маскоўскай) з 1 па 30 чэрвеня зніжка 10% — на ТЭЛЕВІЗАРЫ, ХАЛАДЗІЛЬНІКІ, МАРАЗІЛЬНІКІ, ПЕЧЫ ЗВЧ гандлёвых марак "Гарызонт", "Віцязь", "Медэя"; ПАДЛОГАВЫЯ ПЛІТЫ айчыннай вытворчасці; ПЫЛАСОСЫ гандлёвых марак "Гарызонт", "Віцязь"; ПРАЛЬНЫЯ МАШЫНЫ айчыннай і імпартнай вытворчасці.

Сертыфікаты ў падарунак!

— Вельмі часта бывае так, што проста не ведаеш, што падарыць канкрэтнаму чалавеку на дзень народзінаў, юбілей, — распавядае Аляксей Каленік. — У гэтым выпадку падарачны сертыфікат універмага "Беларусь" — своеасаблівая палачка-выручалачка, універсальны падарунак для ўсіх і кожнага, без выключэння. Бо ён дазваляе чалавеку самому выбраць сабе падарунак на вызначаную суму, напярэдадні аплачаную сябрам ці калегам. Вельмі вялікім попытам карыстаюцца сертыфікаты напярэдадні прафесійных свят: некаторыя арганізацыі пастаянна набываюць іх у нас оптам і дораць сваім супрацоўнікам. Варта адзначыць, што нашы сертыфікаты — не іменныя, таму пры жаданні іх можна камусьці перадаць.

На пытанне "Чаму вы выбралі для пакупак менавіта ўнівермаг "Беларусь"?" людзі часцей за ўсё адзначалі шырокі асартымент і якасць тавараў, даступныя цэны, шматлікія акцыі і распродажы, прасторныя і камфортныя гандлёвыя залы, культурнае абслугоўванне. Аглядаем адзін паверх за другім — і пераконваемся ў праўдзівасці гэтых слоў.

"Беларусь" — універмаг, дзе можна купіць усё"

— Больш як 30 гадоў таму ўнівермаг "Беларусь" атрымаў славу крамы, дзе можна купіць усё, — праводзіць міні-экскурсію па ўнівермагу начальнік аддзела арганізацыі гандлю Аляксей Каленік. — Сёння, як і раней, мы стараемся не падмануць чаканні сваіх пакупнікоў. Пастаянна аналізуем попыт, пашыраем і мяняем асартымент.

Насамрэч, у гандлёвых залах універмага можна знайсці больш за 200 тысяч разнавіднасцяў прамысловых і харчовых тавараў з гарантыяй якасці, якія зручна агледзець, прымераць і купіць. Пры гэтым можна выбраць любую форму разліку — як наяўную, так і безнаяўную. Для большай зручнасці пакупнікоў устаноўлены банкаматы і пункты абмену валют.

— Мы не стаім на месцы, — працягвае Аляксей Каленік. — І калі недзе нешта з'яўляецца новае, стараемся гэта пераняць. Як, напрыклад, плацежныя тэрміналы, з дапамогай якіх сёння наш пакупнік можа пры дапамозе карткі заплаціць за камунальныя паслугі, навучанне і г.д.

Сярод пакупнікоў па дарозе з 1 на 4 паверх сустрэлі і маладых, і сталых, і пастаянных, і выпадковых. Так, Вера Сцяпанаўна Краўцова прыйшла ў "Беларусь", бо ведае, што ў сезон тут традыцыйна працуе выстава-продаж для дачнікаў. "Вось набыла сродак супраць каларадскіх жукоў ды драбіны, каб на вішню залезці, прыглядваю. У "Беларусі" прасторна, акуратна, і абслугоўваюць культурна".

Пастаянныя наведвальнікі адзначаюць, што ўнівермаг мяняецца на вачах і знешне, і ўнутрана, з кожным годам тут усё больш прыемна рабіць пакупкі. А ўсё таму, што кіраўніцтва не шкадуе грошай на рэканструкцыю, стварае камфортныя ўмовы як для пакупнікоў, так і для прадаўцоў.

— Паэтапна, без спынення гандлёвага працэсу, мяняецца гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне, абнаўляецца інтэр'ер, устанаўліваецца сістэма відэаназірання, — расказвае і паказвае Аляксей Уладзіміравіч. — Што вельмі важна, секцыі ўнівермага паступова, адна за другой, пераходзяць на самаабслугоўванне. Так, аднымі з апошніх перавялі на самаабслугоўванне залу на першым паверсе, секцыю парфумерыі. Гэта вельмі зручна, бо цяпер пакупнікам не трэба чакаць, пакуль вызваліцца прадавец і пакажа тавар з вітрыны.

Зноў-такі для зручнасці пакупнікоў многія секцыі аб'ядноўваюцца, што дазваляе за адзін заход набыць некалькі розных тавараў.

— А вы звярнулі ўвагу, як цяпер прадаюцца дываны? — цікавіцца начальнік аддзела арганізацыі гандлю. — Гэта раней яны ляжалі гарой, а сёння ўсё можна разгледзець. Расшырылі секцыю за кошт больш рацыянальнай планіроўкі: проста задзейнічалі былыя складскія плошчы.

У бліжэйшых планах кіраўніцтва — замена эскалатараў. І гэта не капрыз, а неабходнасць: больш як за 30 гадоў існавання ўнівермага "Беларусь", вядома, яны знасіліся.

— Эскалатары мы ўжо аплацілі, таму будзем старацца іх памяняць да канца года, — адзначае Аляксей. — Гэта таксама павысіць узровень культуры абслугоўвання, гарантуе дадатковы прыбытак.

Звязда, 14 чэрвеня 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1331


Комментарии